Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ПОЙДЗЕ НЕХТА З ДЭМАКРАТЫЧНЫХ КАНДЫДАТАЎ НА ТРЫБУНУ З ЛУКАШЭНКАМ?


Валер Каліноўскі, Менск

Прадстаўнікі пяцёркі апазыцыйных супернікаў Аляксандра Лукашэнкі, атрымаўшы запрашэньні, раіліся на гэты конт, але супольнага рашэньня не прынялі. Дамовіліся толькі пра сумеснае ўскладаньне кветак да абэліску на плошчы Перамогі. Аднак ніхто зь іх ня выказаў жаданьня пабыць на трыбуне побач з Аляксандрам Лукашэнкам.

Гаворыць Міхаіл Чыгір:

(Чыгір: ) "Я не магу ўдзельнічаць у гэтым мерапрыемстве, таму што мая жонка атрымала два гады зьняволеньня з адтэрміноўкай выкананьня прысуду, мой сын без усякай падставы знаходзіцца ў турме. Таму пры такіх умовах я не магу знаходзіцца на трыбуне непадалёк ад А.Лукашэнкі, на загад якога адбыліся гэтыя судовыя працэсы".

На думку Міхаіла Чыгіра, вайсковы парад на Дзень незалежнасьці — гэта спроба чарговы раз пабразгаць зброяй, пры тым, што палітыка Аляксандра Лукашэнкі скіраваная на страту незалежнасьці Беларусі. Запрашэньне ж апанэнтаў рэжыму на трыбуну — усяго толькі PR-аўскі ход падчас перадвыбарчай кампаніі, — мяркуе Міхаіл Чыгір.

(Чыгір: ) "Я думаю, што гэта падказка ягоных службаў, што не павінна быць вайны, а патрэбна перамір’е. Усё гэта правільна. Але з аднаго боку, ён паслаў запрашэньні прыняць удзел у мерапрыемствах 3 ліпеня, а з другога боку — падпісаў дэкрэт №20, які парушае Канстытуцыю.

У той жа час ён не дапусьціў ніводнага апазыцыйнага дэмакратычнага палітыка да ўдзелу ў выбарчых камісіях, таму што тут казаць — нейкая спроба зрабіць выгляд, што ўсё як бы адбываецца ў нас нядрэнна. На самой справе ўсё ня так".

Калега Міхаіла Чыгіра Павал Казлоўскі лічыць амаральным выдаткоўваць сродкі на парад, калі грошай не хапае на пэнсіі і заробкі бюджэтнікам, а авіяцыйнае шоў над горадам можа быць проста небясьпечнае.

Сямён Домаш таксама вырашыў праігнараваць запрашэньне на парад. 3-га ліпеня ён будзе ў Горадні, сустрэнецца з вэтэранамі, ускладзе кветкі на вайсковых могілках. Сам факт запрашэньня Сямён Домаш расцаніў наступным чынам:

(Домаш: ) "Я думаю, што гэта так, гульня. Гульня ідзе ў нейкія адносіны. Раней жа ніколі нікога з апазыцыі не запрашалі. Цяжка ацаніць гэта, але я думаю, што гэта проста падыгрываньне пад момант выбараў".

А вось лідэр ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч нават ня ведаў дакладна, ці прыйшло яму запрашэньне на парад:

(Гайдукевіч: ) "Мне гэта зусім абыякава, у мяне вось радасьць — у мяне 100 тысяч подпісаў перайшло. Таму гэта мяне больш цікавіць".

Супернікі Аляксандра Лукашэнкі занятыя ў гэтыя дні іншымі праблемамі — арганізоўваюць збор подпісаў, а таксама пераадольваюць перашкоды, што спрабуюць рабіць ім улады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG