Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЯБРЫ РАБОЧАЙ ГРУПЫ Ў СПРАВАХ БЕЛАРУСІ ПАРЛЯМЭНЦКАЙ АСАМБЛЕІ АБСЭ ВЫВУЧАЮЦЬ СЫТУАЦЫЮ Ў КРАІНЕ


Уладзімер Глод, Менск

Вярхоўны Савет 13 скліканьня ёсьць апошні беларускі парлямэнт, які быў абраны на сумленнных і справядлівых выбарах. І менавіта таму толькі ён і павінен прадстаўляць Белаусь у Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Вось з такой пазыцыі і зыходзілі Мечыслаў Грыб, Анатоль Лябедзька ды іншыя сябры прэзыдыюму ВС, якіх дэлегацыя адмысловай рабочай групы сёньня запрасіла на рабочы сьняданак.

Падтрымку Вярхоўны Савет атрымаў і ад Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў. Вось што гаворыць пра гэта Ўладзімер Нісьцюк, які старшыняваў на сёньняшнім паседжаньні Кансультацыйнай рады.

(Нісьцюк: ) “Было неабходна падкрэсьліць, і гэта было падкрэсьлена, што ўсе палітычныя партыі апазыцыйнага кшталту, у тым ліку лібэральна-дэмакратычная партыя, якая ў некаторых пытаньнях знаходзіцца ўбоку ад вялікага апазыцыйнага палітычнага працэсу, працягваюць прызнаваць Вярхоўны Савет 13 скліканьня адзіным легітымным ворганам заканадаўчай улады на Беларусі. І было нагадана таксама, што Вярхоўны Савет некалі прымаў рашэньне аб перадачы паўнамоцтваў Кансультацыйнай радзе апазыцыйных палітычных партыяў на вядзеньне перамоваў з уладамі наконт правядзеньня вольных і сумленных выбараў. Мне бачыцца, што гэта вельмі важны момант".

А ці можна ўжо сёньня спрагназаваць магчымае рашэньне ў справах Беларусі? На гэтае пытаньне адказ дае віцэ-спікэр Вярхоўнага Савету Анатоль Лябедзька.

(Лябедзька: ) "Рэчка ўваходзіць у тыя ж берагі, у той стан, у якім яна знаходзілася падчас паседжаньня Пастаяннага камітэту ў Вене на пачатку гэтага году. Я думаю, што зноў будзе прапанавана рэзалюцыя пустога крэсла для Беларусі, каб закансэрваваць вось гэты статус да той пары, пакуль у Беларусі не адбудуцца перамены ў станоўчы бок".

(Карэспандэнт: ) "А як Вы думаеце, ці ня можа паўплываць на нэгатыўнае для Вярхоўнага Савету рашэньне зварот расейскай Дзярждумы да дэлегацыяў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ прызнаць паўнамоцтвы так званай “Палаты прадстаўнікоў?"

(Лябедзька: ) "Я думаю, што Селязьнёў and company зробяць усё магчымае, каб пралабіраваць гэтае рашэньне. Але, я думаю, шанцаў прыняць такое рашэньне ня вельмі многа. У Пастаянным камітэце дзейнічае прынцып "кансэнсус мінус адзін". А нашых прыхільнікаў у Парлямэнцкай асамблеі значна больш, чым дзьве дэлегацыі. Таму, я думаю, што ў нас заўсёды будзе рычаг, каб заблякаваць такое рашэньне".

Беларускі вузел можа быць разблытаны праз прэзыдэнцкія выбары. Вось чаму сёньня дэлегацыя Парлямэнцкай асамблеі сустракалася з магчымымі кандыдатамі ў прэзыдэнты ад шырокай грамадзянскай кааліцыі. Ута Цапф і Урбан Алін заявілі, што яны разумеюць, у якіх складаных умовах праходзіць выбарчая кампанія. Напрыклад, спадар Алін адзначыў, што, калі б у Швэцыі выйшаў дэкрэт №20, ён бы адмовіўся ад удзелу ў выбарах. Сябры дэлегацыі адзначылі, што ўчора ўвечары яны ўзьнялі шмат пытаньняў наконт умоваў выбарчай кампаніі падчас сустрэчаў з намесьнікам кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Аляксандрам Абрамовічам і міністрам замежных справаў Міхаілам Хвастовым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG