Свой апошні працоўны дзень у Беларусі прадстаўнікі АБСЭ пачалі сьняданкам з кіраўнікамі дыпляматычных місіяў краінаў Эўразьвязу, што акрэдытаваныя ў Менску. Потым адбыліся дзьве асобныя сустрэчы з журналістамі недзяржаўных і дзяржаўных мэдыяў.
Да 5 ліпеня Ута Цапф і Урбан Алін мусяць падрыхтаваць справаздачу для мандатнай камісіі Парлямэнцкай асамблеі, якая будзе разглядаць заяўкі Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня і "палаты прадстаўнікоў" на ўдзел у працы асамблеі.
Апошнім разам гэтае пытаньне разглядалі ў лютым. Тады перамагла так званая "канцэпцыя пустога крэсла": ні Вярхоўны Савет, ні "палата прадстаўнікоў" не атрымалі права выступаць у Парлямэнцкай асамблеі ад імя парлямэнту Беларусі. А як будзе гэтым разам?
Ута Цапф, якую я папрасіў адказаць на пытаньне, адразу папярэдзіла, што яна паводле свайго статусу ня мусіць даваць прагнозаў і просіць лічыць ейную думку асабістым меркаваньнем.
(Цапф: ) "Падобна на тое, што "канцэпцыя пустога крэсла" для Беларусі атрымае працяг. Справа ў тым, што мы ня можам пацьвердзіць паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, паколькі, згодна з Канстытуцыяй 1994 году, ягоныя паўнамоцтвы скончыліся.
Разам з тым, мы разумеем, што "палата прадстаўнікоў" не была абраная дэмакратычнымі мэтадамі. Таму і яе нельга прызнаць сапраўдным парлямэнтам. І таму мне бачыцца, што мы будзем прапаноўваць пакінуць пустое крэсла для Беларусі й надалей. А перагледзець гэтае пытаньне можна будзе толькі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
Я ўсё ж спадзяюся, што будзе паляпшэньне ўмоваў і абставінаў прэзыдэнцкіх выбараў і, магчыма, яны будуць праведзеныя свабодна і дэмакратычна. Ва ўладаў усё яшчэ ёсьць шанец зрабіць гэта, і, можа, гэты шанцам улады скарыстаюцца".
Я нагадаў спадарыні Цапф, што яна шмат разоў была ў Беларусі й папрасіў параўнаць ейныя цяперашнія ўражаньні зь мінулымі. Гаворыць Ута Цапф:
(Цапф: ) "Мы хацелі даведацца, якая сытуацыя ў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, ці ёсьць нейкія паляпшэньні ў палітычнай і дэмакратычнай сытуацыі. На вялікі жаль, мы ня толькі не пабачылі паляпшэньня сытуацыі, але ў некаторых момантах назіраем нават пагаршэньне ўмоваў для правядзеньня свабодных і празрыстых выбараў. І нам было б вельмі прыкра асэнсоўваць, што прэзыдэнцкія выбары не прайшлі належным чынам і вынік іхны для Беларусі ня быў станоўчы".
Я папрасіў Уту Цапф назваць канкрэтныя галіны, дзе яна бачыць пагаршэньне сытуацыі ў Беларусі.
(Цапф: ) "Мы падкрэсьлівалі важнасьць фармаваньня выбарчых камісіяў дэмакратычным шляхам летась у кастрычніку, падчас парлямэнцкіх выбараў. Але й гэтым разам мэтады фармаваньня выбарчых камісіяў не зьмяніліся. Не палепшылася сытуацыя з правамі чалавека, і, наколькі я магу разумець, сытуацыя з мэдыямі таксама не палепшылася, а стала нават горшай", — паведаміла Ута Цапф.