Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК МЕНСКІЯ ПАЛІТЫКІ РЭАГУЮЦЬ НА ВЫДАЧУ МІЛОШАВІЧА ГААЗЕ?


Юры Сьвірко, Менск

Дэпутат "палаты прадстаўнікоў" Іван Пашкевіч перакананы, што выдача Слабадана Мілошавіча Гааскаму трыбуналу ёсьць (цытую паведамленьне Інтэрфаксу) "заканамерным вынікам дзейнасьці экс-прэзыдэнта Югаславіі". На думку спадара Пашкевіча, калі нехта парушае Канстытуцыю, імкнецца да сваіх мэтаў недэмакратычным шляхам, дык "яму рана ці позна прыйдзецца адказваць".

Былы галоўны Лукашэнкаў ідэоляг лічыць, што "падобныя прыклады будуць не адзінкавымі ў сьвеце, і гэта справядліва".

Калега Івана Пашкевіча ў ніжняй палаце, актывіст групы "Анты-НАТО" Сяргей Касьцян, кіраўнік Беларускага славянскага камітэту, лічыць, што падзеі ў Югаславіі — гэта папярэджаньне расейскаму прэзыдэнту Ўладзімеру Пуціну пра тое, што "ён можа апынуцца тамсама, калі будзе праводзіць палітыку зьяднаньня Расеі, за адзінства Расеі, калі будзе абараняць інтарэсы Расеі". Сяргей Касьцян не патлумачыў, якое дачыненьне мае прэзыдэнт Расеі да трыбуналу ў справах былой Югаславіі.

Аднак, на думку кіраўніка славянскага камітэту, экстрадыцыя Мілошавіча ёсьць і папярэджаньнем Аляксандру Лукашэнку. "Калі ён будзе працягваць палітыку на стварэньне саюзу Беларусі й Расеі, дык ягонае найбліжэйшае атачэньне можа здаць яго Гааскаму суду, як некаторыя людзі з атачэньня Мілошавіча здалі таго Гааскаму суду", — падае цікавую цытату з заявы Сяргея Касьцяна агенцтва БелаПАН.

Сам Аляксандар Лукашэнка пакуль не адрэагаваў на экстрадыцыю свайго сябра Мілошавіча ў Гаагу, аднак кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы, старшыня міжнароднае камісіі верхняе палаты Мікалай Чаргінец заявіў пра пазыцыю Лукашэнкі:

(Чаргінец: ) "Я думаю, прэзыдэнт таксама цудоўна разумее сытуацыю — што так людзей дзяржава, якая сябе паважае, сваіх грамадзянаў не здае. Вось калі мне назавуць хоць адзін прыклад, калі б амэрыканец быў бы ў сваёй краіне арыштаваны й накіраваны ў міжнародны суд ці іншую краіну для асуджэньня, дык можна было б тады ўжо казаць, што ёсьць хоць прыклады нейкія. Але ж за сьпінай усёй гэтай інтрыгі стаялі ў першую чаргу Злучаныя Штаты Амэрыкі".

Мікалай Чаргінец, прызначаны ў гэтак званы Савет Рэспублікі Лукашэнкавым указам, зазначыў, што экстрадыцыя Мілошавіча была прымеркаваная да разгляду пытаньня пра матэрыяльную дапамогу Югаславіі.

Прэсавы сакратар беларускага Міністэрства замежных справаў Павал Латушка выклаў пазыцыю свайго ведамства:

(Латушка: ) "Мы зараз сочым за разьвіцьцём сытуацыі ды за той рэакцыяй, якую атрымала ў Югаславіі рашэньне ўраду Сэрбіі. Міністэрства замежных справаў Беларусі дало адпаведнае даручэньне нашаму пасольсву ў Бялградзе адсочваць інфармацыю й неадкладна інфармаваць МЗС Беларусі".

Былы кіраўнік беларускае дзяржавы Мечыслаў Грыб гэтак пракамэнтаваў выдачу Слабадана Мілошавіча:

(Грыб: ) "Кожны чалавек, які зьдзейсьніў тое ці іншае злачынства, павінен за яго адказваць і не павінен нідзе хавацца. Слабадан Мілошавіч накіраваны не адбываць пакараньне — ён яшчэ не прызнаны вінаватым, ён накіраваны толькі на суд".

(Карэспандэнт: ) "А ёсьць нейкія аналёгіі зь Беларусьсю ці не?"

(Грыб: ) "Цяжка сказаць пакуль што. У нас жа, дзякуй Богу, не было вайны. Але можна нешта ў аддаленым параўнаньні й будзе, калі ўсё выявіцца тое, у чым ёсьць нейкія недасказанасьці ці нейкія падазрэньні".

А вось меркаваньне амбасадара Беларусі ў Латвіі Міхаіла Марыніча наконт лёсу Мілошавіча:

(Марыніч: ) "Я лічу, што зь ім мусяць разабрацца на радзіме. Якое рашэньне будзе на радзіме прынятае, яно й будзе правільнае: у Гаагу дык у Гаагу, у Маскву дык у Маскву, у Менск дык у Менск. Адным словам, гэта пытаньне ўнутранае Югаславіі", — сказаў Міхаіл Марыніч, адзін з прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG