Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НІВОДНАЯ ЗЬ ІНІЦЫЯТЫЎНЫХ ГРУПАЎ АПАЗЫЦЫЙНАЕ “ПЯЦЁРКІ” НЯ МОЖА ПРАЦАВАЦЬ СПАКОЙНА


Юры Сьвірко, Менск

Як паведаміла прэсавая служба аднаго з прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта Сямёна Домаша, кіроўцу ягонага аўтамабіля ўчора ўвечары затрымалі супрацоўнікі КГБ. На менскай вуліцы Багдановіча машыну спачатку спыніла ДАІ, а потым адразу пад’ехала "Вольва" з чатырма асобамі ў цывільным, якія паказалі пасьведчаньні Камітэту дзяржаўнае бясьпекі. Яны зрабілі ператрус у аўтамабілі Сямёна Домаша й распачалі допыт кіроўцы, імя якога не падаецца.

Паводле прэсавай службы спадара Домаша, супрацоўнікі КГБ задавалі кіроўцу наступныя пытаньні: чаму ён стала возіць Сямёна Домаша, хто плаціць грошы й колькі, якія дакумэнты перавозяць у гэтай машыне, а таксама — чаму кіроўца сябруе з Уладзімерам Кудзінавым, дэпутатам Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня і сябрам ініцыятыўнае групы спадара Домаша.

Супрацоўнікі КГБ адпусьцілі кіроўцу, аднак на разьвітаньне сказалі: "Ты чалавек дарослы. Калі будзе цікавая інфармацыя, прыходзь да нас".

Прэсавая служба паведамляе таксама, што Сямён Домаш абяцае падаць у Цэнтарвыбаркам скаргу на шматлікія факты ўціску сяброў ягонае групы, якая, тым ня менш, ужо здолела сабраць 70 тысячаў подпісаў.

Прэсавая служба іншага прэтэндэнта зь ліку пяцёркі — Міхаіла Чыгіра — паведаміла пра выкарыстаньне супраць яго брудных перадвыбарчых тэхналёгіяў. Учора ў Нясьвіжы на вуліцы Карла Маркса тры хлопцы, якія ня мелі пасьведчаньняў сяброў ініцыятыўнае групы спадара Чыгіра, заклікалі грамадзянаў падпісацца за Чыгіра ў незапоўненых падпісных лістах і прапаноўвалі за гэта грошы. Тым, хто адмаўляўся ставіць свой подпіс, пагражалі, выкарыстоўваючы лаянку.

Ініцыятыўная група Міхаіла Чыгіра назвала падобныя дзеяньні правакацыяй з мэтай наўмыснай, адмыслова сплянаванай фальсыфікацыі збору подпісаў за гэтага прэтэндэнта.

Яшчэ адзін сябар апазыцыйнае пяцёркі, лідэр партыі камуністаў Сяргей Калякін на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі распавёў пра шматлікія факты парушэньня выбарчага заканадаўства ў рэгіёнах і ў сталіцы. Спадар Калякін ужо мае 35 тысячаў подпісаў, але зьбіраць іх даводзіцца ў цяжкіх умовах. "Адбываецца шырокамаштабны націск на сяброў усіх ініцыятыўных групаў, якія зьбіраюць подпісы не за Лукашэнку", — заявіў лідэр камуністаў і падаў канкрэтны факт:

(Калякін: ) "Калі ў перадачы Беларускага радыё "Разговор по существу", якую вядзе вядомая Ніна Чайка, прагучала паведамленьне, што ў Талачынскім раёне фэрмэр Петрушэнка зьбірае подпісы за Калякіна, Чайка адрэагавала на гэта вельмі цікава — "гэта дрэнны фэрмэр". Ну і ўлады адрэагавалі на гэта вельмі хутка й апэратыўна.

Хто такі Петрушэнка? Гэта вядомы, у прынцыпе, чалавек. Гэта той Петрушэнка, які выступаў супраць Гарбачова, зьяўляючыся дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР. Палкоўнік Петрушэнка адсюль родам, ён пасьля развалу Саюзу прыехаў, займаецца фэрмэрствам у Талачынскам раёне, жыве ў вёсцы Коханава і сапраўды зьбірае подпісы за нашу групу.

Ён адразу атрымаў прадпісаньне ад загадчыцы аддзелу зямельных рэсурсаў Талачынскага раёну Людмілы Ігнатовіч пра тое, што пасьля 1 ліпеня будзе вырашанае пытаньне пра адабраньне выдзеленых яму ў жніўні 2000 году 11 гектараў зямлі".

Сяргей Калякін таксама распавёў, што ў Рагачоўскім раёне старшыня Балакінскага сельсавету асабіста зьбіраў подпісы за Аляксандра Лукашэнку да забараніў вяскоўцам падпісвацца за іншых. Спадар Калякін мяркуе, што нават гэтага факту мусіла б хапіць для адмовы ў рэгістрацыі кандыдата Лукашэнкі. Аднак Цэнтральная выбарчая камісія даслала на гэтую тэму дзіўны ліст.

Пазыцыя Цэнтарвыбаркаму што да прыцягваньня да перадвыбарчай кампаніі асобаў, якія знаходзяцца ў службовай залежнасьці ад кандыдата ў прэзыдэнты, заключаецца, паводле ліста за подпісам сакратара камісіі Мікалая Лазавіка, "у неабходнасьці высьвятленьня ў кожным выпадку, у чым канкрэтна выяўляецца службовая залежнасьць гэтае асобы, кола службовых абавязкаў, зьместу працоўнага дагавору, а таксама іншых абставін, якія маюць дачыненьне да гэтай справы".

А пакуль, як паведаміў Сяргей Калякін, у часе збору подпісаў у жыхароў вёскі Міжлесьсе Бярозаўскага раёну адабралі ўсе пашпарты — нібыта для праверкі.

У Менску пайшлі яшчэ далей. Як паведамілі зьбіральнікам подпісаў жыхары менскае вуліцы Ўбарэвіча, якія працуюць на заводах "Гарызонт" і на шарыкападшыпнікавым, на іхных прадпрыемствах усім працоўным абвесьцілі, што ўсе сьпісы з подпісамі за апазыцыйных кандыдатаў будуць пільна правераныя. Спадар Калякін распавёў, што гэта моцна напалохала выбарцаў сталічнага мікрараёну Чыжоўка, а таксама падзяліўся з журналістамі наступным:

(Калякін: ) "Маем інфармацыю пра тое, што ў галовах найбліжэйшага атачэньня Лукашэнкі сасьпела думка, што трэба адключыць на прафіляктыку ў сярэдзіне жніўня ўсе расейскія тэлеканалы і ўключыць іх толькі напярэдадні непасрэдна галасаваньня. Гэта будзе зроблена, як заўсёды ў нас робіцца, — па тэхнічных прычынах".

Сяргей Калякін дадаў, што беларускім дзяржаўным сродкам масавае інфармацыі далі ўстаноўку асьвятляць перадвыбарчую кампанію ў рэжыме замоўчваньня — нібыта выбараў у краіне зусім няма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG