Галоўны доктар магілёўскага абласнога псыхіятрычнага шпіталю Аляксандар Кавалёў на сходзе працоўнага калектыву заявіў, што кожны супрацоўнік мусіць сабраць подпісы падтрымкі Аляксандра Лукашэнкі. Да супрацоўнікаў чамусьці залічылі і каля 1000 людзей, што праходзяць курс лячэньня ў шпіталі.
Мэдычныя сёстры, якія пажадалі застацца невядомымі, паведамілі пра тое, як амаль кожнага пацыента гэтай мэдычнай установы прымушалі паставіць свой подпіс за Лукашэнку.
У абласной выбарчай камісіі паведамілі, што свайго подпісу ня мае права паставіць толькі той чалавек, якога суд прызнаў нядзеяздольным, а большасьць хворых людзей да гэтай катэгорыі не належаць.
Аднак нават тыя ж мэдычныя сёстры зьвярнулі ўвагу на маральны бок праблемы. Яны пыталіся: ці можна прымушаць падпісваць дакумэнты чалавека, які іншы раз не ўсьведамляе, што ён робіць?
Агітацыя псыхічна хворых людзей за цяперашняга кіраўніка дзяржавы — гэта не адзінае парушэньне ў ягонай выбарчай кампаніі. Да прапаганды прыцягваюць непаўнагадовых. Як паведамілі жыхары вуліцы Каралёва, да іх прыходзілі непаўнагадовыя студэнткі політэхнікуму і прапаноўвалі паставіць подпіс. На пытаньне "Адкуль вы?" адказвалі: "Зь Беларускага патрыятычнага саюзу моладзі".
У той жа час улада робіць усё, каб перашкодзіць збору подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў. Учора ўвечары не дапусьцілі зьбіральнікаў подпісаў за Сямёна Домаша ў інтэрнаты тэхналягічнага інстытуту. Камэндантка аднаго зь іх, спадарыня Жукава спаслалася на распараджэньне прарэктара інстытуту па выхаваўчай працы. Калі зьбіральнік подпісаў Аляксандар Страх паспрабаваў трапіць у інтэрнат пад выглядам наведваньня свайго знаёмага, яго выставілі за дзьверы.
У такой жа сытуацыі апынуліся падчас наваедваньня інтэрнату пэдагагічнага ўнівэрсытэту і члены ініцыятыўнай групы Міхаіла Чыгіра.