Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КІРАЎНІК КРЫМІНАЛЬНАГА ВЫШУКУ АБВЯРГАЕ ЗЬВЕСТКІ ЗЬБЕГЛЫХ ПРАКУРОРАЎ ПРА СЬМЕРЦЬ АДНАГО СА СВАІХ ПАДНАЧАЛЕНЫХ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Міхаіл Шчурок, начальнік упраўленьня крымінальнага вышуку менскай міліцыі, абверг зьвесткі пра тое, што адзін са сьледчых гэтага ўпраўленьня, які працаваў у групе пошукаў Завадзкага, памёр ад сардэчнай хваробы.

"Некалькі маіх падначаленых у розны час працавалі ў сьледчай групе па справе Завадзкага і працуюць у ёй зараз, і ўсе яны жывыя і здаровыя", — заявіў Радыё Свабода Міхаіл Шчурок.

Зьяўленьне чутак пра быццам бы памерлага сьледчага зь менскага крымінальнага вышуку надало новы імпульс гісторыі пра выкрыцьцё тайнаў сьледзтва па справе зьніклага апэратара ОРТ Завадзкага. Бо гэтыя зьвесткі ўскосна пацьвярджалі заявы былых супрацоўнікаў пракуратуры Петрушкевіча й Случака пра загадкавую сьмерць трох сьледчых з гэтай групы.

Нагадаю, дагэтуль было вядомае прозьвішча толькі аднаго нядаўна памерлага супрацоўніка МУС. Гэта Ўладзімер Французаў з Камітэту па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю, які памёр летась у сакавіку ва ўзросьце 35 гадоў ад сардэчнай хваробы.

Аднак напэўна ня высьветлена, ці сапраўды Французаў меў дачыненьне да справы Завадзкага. Супрацоўнікі камітэту не пацьвярджаюць і не выключаюць гэтага. "Бывае, што мы выконваем разовыя заданьні розных сьледчых групаў, пра якія калегам нават не вядома", — патлумачыла крыніца ў Камітэце па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю, дзе працаваў нябожчык.

І вось сёньня "Белорусская деловая газета" напісала, быццам ёсьць дакладныя зьвесткі пра сьмерць яшчэ аднаго сьледчага з групы ў справе Завадзкага. Праўда, газэта не назвала прозьвішча памерлага, абмежаваўшыся зьвесткамі пра ягоную працу ў гарадзкім крымінальным вышуку.

Аднак, як бачна з заявы кіраўніка гэтай установы Міхаіла Шчурка, тая інфармацыя аказалася памылковай. Скептыкі, аднак, могуць да канца не паверыць спадару Шчурку, як ня вераць тым кіраўнікам пракуратуры, якія кажуць пра завяршэньне расьсьледаваньня справы Завадзкага.

Між тым, дагэтуль не абверглі зьвесткі пра заўчасную сьмерць былога амонаўца Антона Кабзара, які праходзіў сьведкам па справе Завадзкага і нават быў арыштаваны, але неўзабаве яго адпусьцілі на волю. Сьледчыя разьлічвалі атрымаць ад яго важныя паказаньні, але ў студзені гэтага году Кабзар памёр ад сардэчнай хваробы, хаця раней на сэрца ня скардзіўся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG