Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РУХ "ЗА НОВУЮ БЕЛАРУСЬ" ЗАКЛІКАЎ ВЫБАРЦАЎ КАНСАЛІДАВАЦЦА, КАБ НЯ ДАЦЬ РЭЖЫМУ ЗАХАПІЦЬ УЛАДУ ЯШЧЭ НА 5 ГАДОЎ


Ігар Карней, Менск

Сярод падпісантаў — вядомыя ў Беларусі грамадзкія і палітычныя дзеячы: Васіль Лявонаў, Генадзь Бураўкін, Ніл Гілевіч, Людміла Карпенка, Вячаслаў Оргіш ды іншыя. Таксама падпісалася пад зваротам пяцёрка патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты.

Аўтары звароту да грамадзянаў Беларусі папярэджваюць, што цяперашні рэжым ня будзе саромецца брудных мэтадаў дзеля захаваньня ўлады: "Выканаўчая ўлада пад кіраўніцтвам Лукашэнкі рыхтуе фальсыфікацыю выбараў. Яшчэ да абвяшчэньня даты выбараў вэртыкаль фактычна сфармавала тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі, увёўшы ў іхны склад прадстаўнікоў пралукашэнкава арыентаваных палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў, а таксама кіруючых асобаў выканкамаў і залежных ад іх кіраўнікоў прадпрыемстваў і іншых структурных падразьдзяленьняў".

Адзначаецца, што актыўна падбіралі кандыдатаў для выбарчых камісіяў супрацоўнікі мясцовых упраўленьняў КГБ, рабілі яны гэта па прынцыпе "асабістай адданасьці кіраўніку дзяржавы". Як вынік — практычна ніводзін з шасьцісот прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў, якіх прапанавалі ў склад тэрытарыяльных камісіяў, ня трапіў у гэтыя рэгіянальныя фармаваньні.

Зварот таксама адзначае, што падобны сцэнар выбараў краіна ўжо зьведала ў кастрычніку мінулага году, калі абіралася "палата прадстаўнікоў". І паўтарэньне такога сцэнару абавязкова пацягне скрайне нэгатыўныя наступствы.

Захоп улады Лукашэнкам яшчэ на адзін тэрмін, адзначае зварот, прывядзе Беларусь да канчатковага развалу краіны й страты сувэрэнітэту.

Гаворыць адзін з падпісантаў заявы Генадзь Бураўкін:

(Бураўкін: ) "Ці спадзяюся я, што наш зварот пачуюць? Канешне, хочацца, па-першае, каб пачулі. А па-другое, калі б не было такога спадзяваньня, дык навошта ў пустэльні крычаць? Няхай ня столькі землякоў нашых пачуюць і задумаюцца, колькі хочацца, але яшчэ дастаткова людзей, у якіх наша слова можа нешта абудзіць, а значыць — нейкім чынам натхніць іх на разумныя дзеяньні. На тое, каб у нашай Беларусі была сапраўды дэмакратычная ўлада, каб у Беларусі пэрспэктыва была сапраўды сьветлая й радасная".

Адчуваючы адказнасьць за будучыню беларускай дзяржавы, ейных грамадзянаў, сябры руху "За новую Беларусь" заклікаюць грамадзянаў Беларусі падтрымаць альтэрнатыўных прэтэндэнтаў у часе вылучэньня кандыдатамі на прэзыдэнта, а сябраў выбарчых камісіяў, супрацоўнікаў выканаўчай вэртыкалі і мясцовых Саветаў праявіць грамадзянскую адказнасьць і пільнасьць.

І нарэшце падпісанты заявы запрашаюць патэнцыйных прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта да актыўнага супраціву парушэньням прынцыпаў дэмакратычнасьці й адкрытасьці падчас правядзеньня выбараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG