Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЧЫМ ЖА АБВІНАВАЧВАЮЦЬ АМЭРЫКАНЦА?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

5 дзён грамадзянін ЗША Чарльз Пэрыела знаходзіцца ў сьледчым ізалятары КГБ. Яго падазраюць ва ўжываньні наркотыкаў. Чарльз Пэрыела па-ранейшаму лічыцца не арыштаваным, а толькі затрыманым, бо абвінавачаньня яму дагэтуль не прад'явілі.

Да ягонай абароны ўжо далучылі адваката, ён меў сустрэчу з амэрыканскім консулам. Пра гэта сёньня паведаміў радыё Свабода кіраўнік цэнтру сувязяў з грамадзкасьцю КГБ Фёдар Котаў.

Затрымку з абвінавачаньнем прадстаўнік КГБ патлумачыў тым, што сьледчым трэба якасна падрыхтаваць справу."Упэўнены, яны ўкладуцца ў тэрмін, які прадугледжаны законам", — сказаў Фёдар Котаў пра сьледчых.

Далей ён пацьвердзіў, што Чарльза Пэрыелу па-ранейшаму падазраюць ва ўжываньні наркотыкаў, але ня выключана, што яму будзе інкрымінаваны й збыт наркатычных рэчываў — адпаведная праверка вядзецца.

Нагадаю, 40-гадовага кіраўніка беларускага бюро непрыбытковай арганізацыі Амэрыканская рада ў справе супрацоўніцтва ў адукацыі і вывучэньні моваў Чарльза Пэрыелу затрымалі ў мінулы чацьвер у ягонай менскай кватэры.

У яго знайшлі марыхуану — нямоцны наркотык, ужываньне і захоўваньне якога ў некаторых краінах, у прыватнасьці, у Галяндыі, дазволенае. У Беларусі ж за такі занятак караюць турмой да 5 гадоў.

Між тым, калегі Чарльза Пэрыелы выказваюць зьдзіўленьне з прычыны таго, што яго падазраюць у паленьні марыхуаны. Дырэктар праграмаў для краінаў СНД Амэрыканскай рады Дэвід Пэтон ў газэтных інтэрвію сьцьвярджае, што за тры гады знаёмства ўпершыню пачуў пра інтарэс Пэрыелы да наркотыкаў.

Варта адзначыць, што гісторыя з затрыманым у Менску амэрыканцам Пэрыелам вельмі нагадвае гісторыю другога грамадзяніна ЗША, Джона Тобіна, якога нядаўна асудзілі ў Расеі да трох гадоў турмы. Тобіна таксама абвінавацілі ва ўжываньні марыхуаны, аднак грамадзкасьці яго падавалі яшчэ і як магчымага шпіёна.

Прадстаўнік КГБ Фёдар Котаў запэўніў, што ніякай палітыкі ці шпіёнскіх сьлядоў у затрыманьні спадара Пэрыелы няма, а падабенства двух гісторыяў сьведчыць толькі пра тое, што ў ЗША хапае тых, хто бавіцца наркотыкамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG