Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭЛЕГАЦЫЯ АПАЗЫЦЫІ ПЕРАКАНАНАЯ Ў ПОСЬПЕХУ СВАЁЙ МІСІІ Ў СТРАСБУРГУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Абедзьве беларускія дэлегацыі, афіцыйная й апазыцыйная, маюць у Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы аднолькавы гасьцявы статус і аднолькавыя колькасныя квоты. Але кожная зь беларускіх дэлегацыяў мусіць уласным коштам дабірацца да Страсбургу, і кожны зь сяброў дэлегацыі павінен сам аплачваць перабываньне ў гэтым францускім горадзе.

Праўда, усе выдаткі на паездку дэпутатаў "палаты" аплачвае дзяржаўны бюджэт, таму ў Страсбург акрамя Ўладзімера Канаплёва таксама едуць Аляксей Ваганаў, Валеры Ліпкін, Андрэй Лосеў ды Ўладзімер Навасяд.

Беларуская апазыцыя такіх фінансавых магчымасьцяў ня мае, таму на сэсію разам з Анатолем Лябедзькам едзе толькі ягоны намесьнік па Аб'яднанай грамадзянскай партыі, сакратар дэлегацыі Яраслаў Раманчук.

Аднак, паводле Анатоля Лябедзькі, колькасна невялікі склад іхнай дэлегацыі ніяк не адаб'ецца на якасьці працы ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Гаворыць Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "У нас папярэдне заплянаваныя сустрэчы з прэзыдэнтам Парлямэнцкай асамблеі рады Эўропы, лордам Расэлам Джонсанам, а таксама з генэральным сакратаром рады Эўропы Вальтэрам Швімэрам.

А таксама ёсьць папярэдняя дамоўленасьць пра тое, што мы зможам выступіць, атрымаць слова на трох зь пяці фракцыях Рады Эўропы. Акрамя гэтага мы плянуем, як звычайна, мець сустрэчы з дакладчыкамі па Беларусі Бэрэндтам, Свобадай, з кіраўнікамі шэрагу камітэтаў, у тым ліку палітычнага — Дэвісам, і двухбаковыя сустрэчы. У нас ёсьць пэўны прадмет для размовы ў першую чаргу з расейскай дэлегацыяй".

Сябры апазыцыйнай дэлегацыі таксама вязуць у Страсбург зварот да кіраўніцтва ПА Рады Эўропы, а таксама да дэлегацыяў розных краінаў, у тым ліку й Расеі, ад пяцёркі апазыцыйных прэтэндэнтаў на прэзыдэнта і кіраўнікоў палітычных партыяў ды грамадзкіх арганізацыяў Беларусі.

У гэтым звароце прадстаўнікі апазыцыі выказваюць занепакоенасьць тым, што ўсе выбарчыя камісіі ў Беларусі фармуе адзін прэтэндэнт — Аляксандар Лукашэнка. І ў такіх умовах прэзыдэнцкія выбары ня будуць свабоднымі й дэмакратычнымі.

Прадстаўнікі апазыцыі заклікаюць Раду Эўропы выкарыстаць усе магчымасьці для ціску ў гэтай справе на беларускія ўлады.

Кіраўніцтва Парлямэнцкай асамблеі таксама вырашыла правесьці ў часе гэтай сэсіі слуханьні аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, якія пройдуць на паседжаньні юрыдычнага камітэту. У гэтых слуханьнях таксама будуць браць удзел старшыня Гельсынскага камітэту Тацяна Процька й прадстаўнік праваабарончай арганізацыі "Гельсынкі–21" Барыс Звозкаў.

Анатоль Лябедзька працягвае:

(Лябедзька: ) "Мы едзем туды абсалютна падрыхтаваныя. Мы пралябіравалі слуханьні, якія будуць там у фармаце камітэту, мы здолеем выступіць на фракцыях, і мы правядзем вялікую колькасьць двухбаковых сустрэчаў. Так што я думаю, мы абсалютна падрыхтаваныя".

Дарэчы, кіраўніцтва Парлямэнцкай асамблеі прапанавала прадстаўніку беларускага Міністэрства замежных справаў арганізаваць супольныя выступы прадстаўнікоў дзяржаўнай і апазыцыйнай дэлегацыяў на паседжаньнях фракцыяў, але той заявіў што ня будзе ладзіць ніякіх "рысталішчаў".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG