Сёньня дзяўчаты накіравалі ў Барысаўскі гараддзел унутраных справаў заявы пра тое, што ўчора ўвечары іх моцна зьбілі каля 30 малойчыкаў зь ліку прыхільнікаў РНЕ і так званых скінгэдаў.
Білі іх у раёне вуліцы Гагарына, непадалёк ад інтэрнату мэдвучэльні і цэнтральнага гарадзкога стадыёну. Кіраваў расправай 20-гадовы хлопец, які меў на твары шнар. Ён зьдзекліва гаварыў сваім ахвярам: "Дзе ж барысаўская тысяча вашых "зуброў"? Чаму яны дапусьцілі такое, каб мы бесьперашкодна напалі на вас?"
Малойчыкі кінулі дзяўчынак на асфальт, білі іх нагамі па галаве, руках і целе. Адзін з бандытаў пагражаў зарэзаць Тацяну і Марыну бутэлькай, разьбітай на іхных галовах.
Але раптам зьявіўся міліцэйскі аўтазак, і нападнікі разьбегліся хто куды. Міліцыянты падабралі дзяўчат ды паехалі на машыне ўсьлед за ўцекачамі. Як вынік, трох зь іх затрымалі.
Адметна, што ні ўчора, ні сёньня ахоўнікі парадку не пацікавіліся станам зьбітых дзяўчат, не ўзялі ў іх сьведчаньняў і тлумачэньняў. Вось чаму сёньня Тацяна і Марына на ўласную ініцыятыву зьвярнуліся ў гараддзел унутраных справаў зь пісьмовай просьбай пачаць папярэдняе сьледзтва па факце зьбіцьця.
Паводле меркаваньня барысаўскага прадстаўніка праваабарончага цэнтру "Вясна" Зьмітра Бародкі, гэты напад на "зуброў", як і цкаваньне мясцовых актывістаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная грамада" ёсьць вынікам палітыкі запалохваньня прадстаўнікоў дэмакратычнай апазыцыі Барысава. Палітыку запалохваньня праводзяць спэцслужбы перад прэзыдэнцкімі выбарамі.