Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАДАТКОВАЙ НЯЗГОДАЙ У БЕЛАРУСКА-РАСЕЙСКІХ ДАЧЫНЕНЬНЯХ ЗАНЯЛІСЯ ЭКСПЭРТЫ


Міхал Стэльмак, Менск

Сёньняшні візыт Віктара Хрыстэнкі ў Менск праходзіў у рамках паседжаньня Эканамічнай рады СНД. Усе папярэднія паседжаньні гэтага органу праходзілі ў Маскве. Цяперашняе выключэньне ініцыяваў беларускі бок, а менавіта Аляксандар Лукашэнка.

Лукашэнка, як казалі падчас адкрыцьця сёньняшняга мерапрыемства, выказаў жаданьне сустрэцца зь ягонымі ўдзельнікамі. На думку назіральнікаў, прычына такога жаданьня — хуткія выбары. Мэта перадвыбарчай актыўнасьці — сьцьвердзіць у вачох насельніцтва імідж актыўнага дзяржаўнага дзеяча, занятага вырашэньнем важных пытаньняў.

Між тым, сёньня прадстаўнікі СНД вырашалі далёка ня першачарговыя праблемы эканамічнага супрацоўніцтва. Паседжаньне доўжылася гадзіну і прайшло без дыскусіяў. Што тычыцца беларуска-расейскага супрацоўніцтва, то Віктар Хрыстэнка нагадаў на выніковай прэсавай канфэрэнцыі пра рознагалосьсі ў сфэры падатковай палітыкі. Ён зазначыў, што бакі будуць дзейнічаць адпаведна з дамоўленасьцямі Пуціна й Лукашэнкі па гэтым пытаньні.

20 чэрвеня ў Маскве кіраўнікі Беларусі й Расеі, як вядома, пагадзіліся прадоўжыць урэгуляваньне вострай спрэчкі пра мэханізм спагнаньня падатку на даданую вартасьць. А менавіта: спаганяць ускосныя падаткі па месцы рэалізацыі тавараў ці па месцы паходжаньня.

Прынцыповасьць пазыцыяў бакоў тлумачыцца высокай стаўкай перамогі. Эканамісты ацэньваюць яе на 200 мільёнаў даляраў. Як зазначыў першы віцэ-прэм'ер расейскага ўраду, падатковай нязгодай Масквы й Менску зараз займаюцца экспэрты. Тым самым спадар Хрыстэнка яшчэ раз пацьвердзіў, што Расея ў дачыненьнях зь Беларусьсю займацца дабрачыннасьцю больш не зьбіраецца.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG