Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ДЗЕНЬ ГАДАВІНЫ ПАЧАТКУ ВАЙНЫ БЕРАСЬЦЕ НАВЕДАЛІ ПАВАЛ КАЗЛОЎСКІ І МІХАІЛ ЧЫГІР


Алег Супрунюк, Берасьце

Сёньня а 4-й гадзiне ранiцы каля муроў Берасьцейскай крэпасьцi, якая 60 гадоў таму першай дала бой фашыстоўскiм войскам, распачаўся мiтынг-рэквiем. Падчас гэтай акцыi ў крэпасьць былi дастаўленыя факелы памяцi з Масквы, Смаленску ды Менску, што прыбылi разам з адмысловым цягнiком. Дарэчы, пасажыры гэтага цягнiка - расейскiя артысты й творчыя калектывы - ўвечары 22 чэрвеня будуць галоўнымi дзеючымi асобамi падчас тэатралiзаванага прадстаўленьня. Асобны канцэрт на пляцоўцы каля Цэнтру маладзёвай творчасьцi заплянаваны i для расейскага сьпевака Юрыя Шаўчука разам з ягонай групай ДДТ.

Цiкава, што гарадзкiя ўлады, даўшы дазвол на правядзеньне ў Дзень памяцi i смутку гэтага канцэрту, адначасова зьбiралicя перанесьцi на iншы тэрмiн выпускныя вечары ў берасьцейскiх школах. Вэртыкаль палiчыла, што выпускнiкi будуць парушаць хаду траурных мерапрыемстваў, а мiлiцэйскiх сiлаў можа быць недастаткова для забесьпячэньня парадку й спакою грамадзянаў. Шматлiкiя звароты абураных выпускнiкоў ды iхнiх бацькоў прымусiлi ўлады ўсё ж не прымаць рашэньне пра забарону школьных урачыстасьцяў.

Колькасьць гасьцей, што прыбылi ў гэтыя днi ў Берасьце, складае некалькi тысячаў. Шмат каму мясцовыя ўлады адмовiлi ў прыёме. Акрамя таго, з гатэлю "Iнтурыст" была тэрмiнова выселеная нацыянальная зборная каманда Беларусi па акадэмiчным веславаньнi, якая рыхтавалася да мiжнародных спаборнiцтваў.
Што да непасрэдных абаронцаў крэпасьцi ў чэрвенi 1941-га году, дык зараз жывымi зь iх засталiся 280 чалавек. Да месца першых баёў прыехаць асабiста альбо прыслаць сваякоў здолелi толькi 30. Яны застануцца ў Берасьцi яшчэ на некалькi дзён i будуць чакаць, пакуль ў нядзелю сюды прыедзе Аляксандр Лукашэнка. Мiж тым некаторыя з магчымых апанэнтаў Лукашэнкi ў перадвыбарчай барацьбе ўжо сёньня былi заўважаныя ў Берасьцi. Яны дзялiлiся сваiмi ўражаньнямi аб прапанаваных цяперашнiмi ўладамi мерапрыемстваў з нагоды пачатку вайны. Гаворыць былы мiнicтр абароны Беларусi Павал Казлоўскi.

(П.Казлоўскi): "Вельмi дрэнна, што на трагедыi нашага народу, робiцца сцэнар барацьбы сёньняшняга прэзыдэнта за ўладу. Я сёньня чуў ад многiх берасьцейцаў пра тое, як гэты дзень - пачатак вайны - спрабуюць выкарыстаць у сваiх мэтах. Гэта страшна. I калi мне сёньня расказвалi, як у чатыры гадзiны ранiцы людзей пастроiлi i калёнамi павялi ў крэпасьць, было сумна ад таго, што нашы людзi ня ўсё разумеюць. На жаль, нашы франтавiкi, iх вельмi мала засталося, вераць гэтай уладзе i не разумеюць, што Лукашэнка выкарыстоўвае iх, выбачайце, як нейкае быдла, якое яму патрэбнае дзеля таго, каб атрымаць гэтую ўладу. Вось гэта самае страшнае".

А вось як пракаментаваў схiльнасьць Аляксандра Лукашэнкi да ваяўнiчых заяваў экс-прэм'ер Беларусi Мiхаiл Чыгiр.

(М.Чыгiр): "Гэта адбываецца таму, што дзеючаму кiраўнiку нашай краiны няма чаго гаварыць аб эканомiцы, аб посьпехах, аб дасягненьнях. На другiм усенародным сходзе ён павiнен быў сказаць, якiя задачы былi пастаўлены першым сходам - што выканана, ня выканана, чаму ня выканана i што трэба зрабiць, каб дасягнуць пастаўленых задачаў. Але казаць не было чаго - становiшча эканамiчнае пагаршаецца, умовы жыцьця пагаршаюцца. Таму найшлi тэму - гаварыць пра вайну".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG