Прадстаўнікі Міжпартыйнага цэнтру, Беларускага Гельсынскага камітэту, цэнтру "Вясна" й Каардынацыйнай рады назіраньня за выбарамі правялі сёньня ў Менску прэсавую канфэрэнцыю, на якой падвялі вынікі фармаваньня тэрытарыяльных выбарчых камісіяў.
На думку спадароў Мечыслава Грыба, Вячаслава Сіўчыка ды іншых, улады на месцах выканалі распараджэньне адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі і не дапусьцілі ў склад камісіяў фактычна ніводнага прадстаўніка апазыцыі.
Прадстаўнікі гэтых арганізацыяў ужо сабралі больш за 200 заяваў ад кандыдатаў у склад выбарчых камісіяў, у якіх гэтыя людзі распавядаюць пра шматлікія парушэньні закону з боку чыноўнікаў выканкамаў. Удзельнікі прэсавай канфэрэнцыі паведамілі, што ўсе гэтыя заявы неадкладна перададуць у Цэнтарвыбаркам.
На думку каардынатара Міжпартыйнага цэнтру Вячаслава Сіўчыка і прадстаўніка праваабарончага цэнтру "Вясна" Валянціна Стэфановіча, цяпер трэба апэляваць ня толькі да ўладаў, але й да беларускай ды міжнароднай грамадзкасьці.
Спадар Сіўчык, напрыклад, заявіў, што чым хутчэй зьявіцца зварот прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў з заклікам да беларускіх выбарцаў, а таксама да кіраўніцтва краінаў Эўропы, ЗША й Расеі аказаць ціск на беларускія ўлады, тым больш шанцаў, што ў склад выбарчых камісіяў трапяць апазыцыянэры.
Тым больш, што ўлады да пачатку афіцыйнага тэрміну пачалі фармаваць і ўчастковыя камісіі. Аднак прадстаўнікі Беларускага Гельсынскага камітэту прапанавалі пакуль не сьпяшацца. Гаворыць прэсавы сакратар Гельсынскага камітэту Зьміцер Маркушэўскі:
(Маркушэўскі: ) "Мы сёньня зьбіраліся выступіць з адной заявай, сумеснай з нашымі калегамі. Але мы думаем, што больш грунтоўнай будзе гэтая заява пра фармаваньне выбарчых камісіяў, калі мы будзем мець статыстыку па ўваходжаньні канкрэтных людзей у канкрэтныя выбарчыя камісіі — хто гэты чалавек, дзе ён працуе, каго ён прадстаўляе, якім чынам вылучаўся".
Іншыя ўдзельнікі прэсавай канфэрэнцыі пагадзіліся з гэтай прапановай. Прадстаўнікі апазыцыйных партыяў і больш як 200 грамадзкіх арганізацыяў Беларусі, відаць, выступяць з сумеснай заявай на наступным тыдні.