Паводле прафсаюзных зьвестак, улады ўзмацняюць кантроль за дзейнасьцю працоўных калектываў. Вось што паведаміў нашаму радыё на гэты конт старшыня Фэдэрацыі Ўладзімер Ганчарык:
(Ганчарык: ) "Далі каманды: "Нікога не пускаць на прадпрыемствы!" Каб людзі тут не зьбіраліся. Дырэктары пра гэта папярэджаныя. Гэта зроблена, напрыклад, у радыёэлектроніцы, на іншых прадпрыемствах.
У Гарадзенскім аблвыканкаме, ды ў іншых прайшлі паседжаньні, на якіх кіраўнікі й актыў папярэджаныя, што трэба падтрымліваць аднаго чалавека — дзейнага прэзыдэнта. Маюць месца шматлікія парушэньні ўладамі заканадаўства. Інакш кажучы, выкарыстоўваецца адміністрацыйны рэсурс. Ёсьць маса пытаньняў, на якія варта было б зьвярнуць увагу камісіі па выбарах".
Замест гэтага, зазначыў Уладзімер Ганчарык, працоўным калектывам навязваюць думку пра незаконнасьць прафсаюзнага ўдзелу ў выбарах. На мінулым тыдні такое папярэджаньне прафсаюзам прагучала з вуснаў міністра юстыцыі Генадзя Варанцова. У гэтай сувязі Фэдэрацыя прафсаюзаў сёньня распаўсюдзіла дакумэнт пра беспадстаўнасьць такога папярэджаньня. Гаворыць Уладзімер Ганчарык:
(Ганчарык: ) "Усе заявы Мінюсту — беспадстаўныя. Мы не парушаем ні законаў, ні Канстытуцыі. Гэта можна толькі тым растлумачыць. Што ўлады баяцца ўдзелу прафсаюзаў, прадстаўнікоў прафсаюзаў у выбарах. Я іншай прычыны ня бачу.
Як ня бачу і таго. што ніякага рэагаваньня няма на выказваньні ў падтрымку прэзыдэнта моладзевай арганізацыяй, іншымі грамадзкімі арганізацыямі, накшталт Саюзу кампазытараў. Вось тут і варта было задумацца і міністэрствам, што адказваюць за гэтую справу, і той камісіі, што павінна гарантаваць чэсныя выбары", — зазначыў адзін з прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкую пасаду.
Дарэчы, як прагучала на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі, не забараняюць прафсаюзам удзелу ў выбарах і дакумэнты Міжнароднай арганізацыі працы. У іх МАП абвесьціла, што такая забарона супярэчыць прынцыпам свабоды прафсаюзных аб’яднаньняў.
Як паведаміў Уладзімер Ганчарык, удзел прафсаюзаў у прэзыдэнцкай кампаніі стане заўтра тэмай адмысловага пленуму Фэдэрацыі.