Зьвесткі пра тое, што сьледчыя пракуратуры Зьміцер Петрушкевіч і Алег Случак знаходзяцца ў ЗША, распаўсюдзіў менскі праваабаронца, сам былы сьледчы пракуратуры Алег Воўчак.
Ён сьцьвярджае, што атрымаў гэтыя зьвесткі наўпрост ад Алега Случака, якога асабіста ведае, і таму ня мог памыліцца, адказваючы на ягоны званок з Амэрыкі.
Алег Воўчак заявіў Радыё Свабода:
(Воўчак: ) "На гэты момант ёсьць зьвесткі, што Зьміцер Петрушкевіч і Алег Случак знаходзяцца ў Злучаных Штатах і атрымалі палітычыны прытулак. Паводле маіх зьвестак, неўзабаве яны правядуць прэсавую канфэрэнцыю".
Спаслаўшыся на сьледчага Случака, Алег Воўчак патлумачыў, чаму яны вырашылі зьехаць зь Беларусі й прасіць палітычнага прытулку на Захадзе.
(Воўчак: ) "Яны разумелі, што калі выступяць публічна з выкрыцьцём злачынстваў беларускага кіраўніцтва, то могуць падзяліць лёс зьніклых палітыкаў, такіх як Захаранка і Ганчар".
Падрабязнасьцяў таго, як сьледчыя трапілі ў ЗША, спадар Воўчак ня ведае, але спадзяецца, што гэтыя зьвесткі прагучаць падчас прэсавай канфэрэнцыі Петрушкевіча і Случака.
Сёньня ж ў Менску мне ўдалося атрымаць ускосныя доказы некаторых зьвестак, якія распаўсюдзілі ў сваёй заяве мінулым тыднем сьледчыя Петрушкевіч і Случак. Яны тычацца заявы сьледчых адносна спэцыяльнай апаратуры дзеля пошуку ў зямлі целаў загінулых.
Як вядома, сьледчыя сьцьвярджалі, што былы старшыня КГБ Мацкевіч і былы генэральны пракурор Бажэлка зьвярнуліся па такую апаратуру да калегаў у Маскву. Але, паводле сьледчых, калі Лукашэнка даведаўся пра зварот, гэта каштавала ім пасадаў.
Ці сапраўды ў Расеі ёсьць адмысловая апаратура дзеля пошуку целаў загінулых, якой няма ў Беларусі? Намесьнік міністра ўнутраных справаў Расеі Віталь Мазякоў, які сёньня знаходзіцца зь візытам у Менску, гэтак адказаў на маё пытаньне пра апаратуру й зварот калегаў зь Беларусі.
(Мазякоў: ) "Адносна звароту я ня ведаю, а што тычыцца апаратуры, ёсьць усё, нават на мяжы фантастыкі".
Цікава, што і адказ беларускага намесьніка міністра ўнутраных справаў Леаніда Глухоўскага не супярэчыць таму, што казалі сьледчыя пра адсутнасьць такой апаратуры ў Беларусі.
(Глухоўскі: ) "Ніводнага разу такой апаратурай у Беларусі мы не карысталіся, увогуле шмат якія пытаньні мы вырашаем з дапамогай расейцаў", — заявіў намесьнік міністра ўнутраных справаў Беларусі Леанід Глухоўскі.
Дарэчы, на іншыя пытаньні адносна расьсьледаваньня справы зьніклага апэратара ОРТ Завадзкага расейскі намесьнік міністра й ягоны беларускі калега адказваць адмовіліся. Віталь Мазякоў патлумачыў:
(Мазякоў: ) "Я сёньня тут у гасьцях і не хацеў бы казаць пра канкрэтныя справы, якія расьсьледуе сьледчы камітэт Расеі. У нас сёньня іншая мэта — умацоўваць міжнароднае супрацоўніцтва ў справе барацьбы са злачыннасьцю", — сказаў расейскі чыноўнік.