Тры патэнцыйныя кандыдаты на прэзыдэнта — Сямён Домаш, Павал Казлоўскі і Міхаіл Чыгір — адначасова зьяўляюцца і сябрамі ценявога ўраду. Аднак ніхто зь іх на сёньняшняе паседжаньне не прыйшоў, каб іншыя сябры камітэту не адчувалі ціску.
Ценявы ўрад вырашыў падтрымаць усю пяцёрку прэтэндэнтаў, што выступаюць ад імя шырокай грамадзянскай кааліцыі і ў якую ўваходзяць яшчэ Ўладзімер Ганчарык і Сяргей Калякін.
Выканаўца абавязкаў кіраўніка ценявога ўраду Мечыслаў Грыб гэтак пракамэнтаваў ход абмеркаваньня:
(Грыб: ) "Гэтая справа для Нацыянальнага выканаўчага камітэту была ня простая. Бачыце, як многа ахвотных стаць кандыдатамі ў прэзыдэнты. Гэта яшчэ раз падкрэсьлівае, што тэзыс уладаў пра тое, што акрамя Лукашэнкі ніхто ня можа і ня хоча кіраваць нашай дзяржавай, не пацьвярджае жыцьцё".
Як вядома, ценявы ўрад ужо прапанаваў патэнцыйным кандыдатам выкарыстаць падрыхтаваную ім Канцэпцыю разьвіцьця Беларусі як перадвыбарчую праграму. Сёньня Сяргей Ляўшуноў, кіраўнік групы, якая рыхтавала канцэпцыю, паведаміў: Фэдэрацыя Прафсаюзаў Беларуская вылучыла групу сваіх спэцыялістаў, каб узмацніць разьдзел канцэпцыі, які тычыцца сацыяльнай абароны насельніцтва.
А ці была ўжо нейкая рэакцыя на прапанову ценявога ўраду з боку патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта? Вось што адказвае на гэтае пытаньне Мечыслаў Грыб:
(Грыб: ) "Пакуль што афіцыйна ні адзін з патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта на нашу прапанову не адгукнуўся. Але я лічу, што для гэтага не было яшчэ і часу, бо пакуль кандыдатаў у прэзыдэнты няма, а ёсьць толькі іхныя ініцыятыўныя групы. Калі яны стануць сапраўднымі кандыдатамі ў прэзыдэнты, калі яны змогуць назваць сваю праграму, я думаю, што большасьць зь іх назаве нашу канцэпцыю як аснову сваёй перадвыбарчай праграмы".