Члены Асіповіцкага райвыканкаму і прэзыдыюму райсавету дэпутатаў яшчэ раніцай заявілі пра стварэньне выбарчай камісіі. Звычайна выканаўчая ўлада пачынала працу а 9-й гадзіне, а гэтым разам пасяджэньне райвыканкаму прайшло на 30 хвілінаў раней.
Мясцовыя журналісты, якія а 9-й прыйшлі на паседжаньне райвыканкаму, ужо ад кіраўнікоў атрымалі неабходную інфармацыю. Асіповіцкае чынавенства адмовілася ўключыць у склад камісіі прадстаўнікоў Таварыства беларускай мовы і Беларускага Гельсынскага камітэту, а таксама двух жыхароў гораду, якія вылучаліся праз збор подпісаў.
Як заявілі кіраўнікі раённай выканаўчай улады, на той момант, калі гэтыя людзі здавалі паперы, дакладней, у першы дзень вылучэньня выбарчай камісіі, у райвыканкаме ўжо ляжала 13 заяваў. Гэта і стала афіцыйнай прычынай таго, каб не ўключыць чатырох жыхароў Асіповічаў у склад выбарчай камісіі.
Мясцовыя дэмакраты ўжо заявілі, што ўсе 13 абраных членаў камісіі зьбіралі подпісы і заявы ў працоўны дзень, што, яны лічаць, ёсьць парушэньнем выбарчага заканадаўства.
Па такім жа сцэнары адбывалася фармаваньне Бабруйскай раённай камісіі па выбарах прэзыдэнта — у ейны склад ня трапілі члены Аб'яднанай грамадзянскай партыі, Беларускага Народнага Фронту, Беларускага Гельсынскага камітэту, а таксама жыхароў гораду, што зьбіралі подпісы выбарцаў для вылучэньня. Прычына адмовы тая ж — позна накіравалі паперы. І гэтым разам паседжаньне органаў выканаўчай улады праходзіла без назіральнікаў і журналістаў.
Бабруйская філія Беларускага Гельсынскага камітэту накіравала свайго прадстаўніка Сямёна Бабіча на адпаведнае паседжаньне выканкаму. У выканкаме яму паабяцалі, што адразу па заканчэньні ранішняй нарады яго запросяць на паседжаньне. Назіральнік чакаў некалькі гадзінаў, затым яму паведамілі, што камісія ўжо сфармаваная.