Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫБАРЫ ПРЭЗЫДЭНТА: РЭГІСТРАЦЫЯ КАНДЫДАТАЎ ПРАЦЯГВАЕЦЦА


Юры Сьвірко, Менск

Першыя 7 ініцыятыўных групаў Цэнтарвыбаркам зарэгістраваў у пятніцу. Восьмым (і першым сёньня) прэтэндэнтам стаў Сямён Домаш, які меў праблемы са сьпісамі сваіх прыхільнікаў, пятая частка зь якіх былі непаўнагадовыя. Сёньня на паседжаньні Цэнтарвыбаркаму спадар Домаш патлумачыў гэта кампутарным вірусам — на маніторы ўсе сьпісы былі нармальныя, а пры раздрукоўцы многія сябры групы чамусьці памаладзелі на 10 гадоў.

Домаш сам адклікаў сьпісы, праверыў іх і падаў наноў, пасьля чаго ягоную групу сёньня зарэгістравалі аднагалосна. Прэтэндэнт нават падзякаваў Цэнтральнай камісіі за такое стаўленьне:

(Домаш: ) "З боку ЦВК я ніякіх парушэньняў не заўважыў. Усё тое, што ў нас адбылося — мы зараз з гэтым разьбіраемся — гэта такая тэхналягічная недарэчнасьць, якая паўстала з кампутарнай сыстэмы. Але я лічу, што тут Цэнтарвыбаркам падышоў да нашай сытуацыі з разуменьнем, і мы выправілі без усялякіх перашкодаў тое, што адбылося, і, як вы бачыце, група зарэгістраваная без усялякіх прэтэнзіяў".

Два наступныя прэтэндэнты — Леанід Сініцын і Міхаіл Марыніч на паседжаньне Цэнтарвыбаркаму не прыйшлі і нават не паслалі туды кіраўнікоў сваіх ініцыятыўных групаў. Аднак старшыня камісіі Лідзія Ярмошына заявіла, што гэта не супярэчыць закону, і ЦВК аднагалосна зарэгістравала іхныя групы.

Далей сьпісы зарэгістравалі прысутныя на паседжаньні Ўладзімер Ганчарык, Сяргей Антончык і Аляксандар Ярашук.

Потым выступіў патэнцыйны кандыдат Канстанцін Канановіч, ён жа кіраўнік сваёй ініцыятыўнай групы, які абурыўся тым, што сродкі масавай інфармацыі рэпрэзэнтуюць яго як беспрацоўнага.

Але пазьней спадарыня Ярмошына паведаміла, што, калі пасьля збору подпісаў прозьвішча Канановіча трапіць у выбарчы бюлетэнь, ён усё адно будзе значыцца там як "часова не працуючы".

Наступным рэгістраваў свае сьпісы генэральны дырэктар менскага заводу лядоўняў "Атлянт" Леанід Калугін, які адмовіўся адказваць на маё пытаньне, чаму ён вырашыў балятавацца ў прэзыдэнты:

(Калугін: ) "Я ж вам сказаў — рана яшчэ пра гэта гаварыць. Ня трэба пра гэта. Ну навошта?"

(Карэспандэнт: ) "Але чаму Вы вырашылі вылучацца?"

(Калугін: ) "Ну як чаму? Таму што я грамадзянін Рэспублікі Беларусь".

Пасьля спадара Калугіна зарэгістравалі ініцыятыўныя групы Натальлі Машэравай і Міхаіла Чыгіра.

А напрыканцы паседжаньня Цэнтарвыбаркам доўга разьбіраў справу Ніны Лабанавай, бібліятэкаркі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту, якая склала сьпісы сваіх прыхільнікаў проста з фармуляраў чытачоў бібліятэкі.

Паводле вынікаў праверкі Цэнтральнае выбарчае камісіі, усе апытаныя сябры групы нічога ня ведалі пра прэтэндэнтку Лабанаву і ейнае жаданьне балятавацца. Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік дадаў, што ўсе грамадзяне са сьпісаў спадарыні Лабанавай жывуць у адным інтэрнаце — дакладней, жылі, паколькі большасьць зь іх ужо зьехалі.

Ніна Лабанава абвінаваціла "палату прадстаўнікоў" у запозьненым прызначэньні даты выбараў, праз што яна не пасьпела падрыхтавацца. Уся заля Дома ўраду пачала ціха сьмяяцца, калі спадарыня Лабанава заявіла наступнае: "Мая ініцыятыва была ад Бога, за мной стаіць уся хрысьціянская Беларусь і нават Амэрыка".

На думку шмат каго з прысутных, сёньняшняе паседжаньне зрабіла актуальным пытаньне пра псыхіятрычны агляд прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта.

Адзіным, хто суцяшаў Ніну Лабанаву пасьля адмовы ў рэгістрацыі ейнае групы, быў Сяргей Антончык.

(Антончык: ) "У Беларусі больш ведаюць Лукашэнку і Антончыка. Яшчэ ведаюць Пазьняка. Вось паміж гэтымі людзьмі павінны разыграцца гэта прэзыдэнцкі тытул. Я лічу, што ў мяне ёсьць вялікія магчымасьці зараз, і мы бузем праводзіць сваю кампанію нетрадыцыйнымі мэтадамі — так, што пра гэта будзе казаць кожны чалавек".

(Карэспандэнт: ) "Вы са спадарыняй Лабанавай ужо вялі нейкія перамовы?"

(Антончык: ) "Не, не. Я проста яе падтрымаў, таму што калі выйшла жанчына ўзрушаная, можа быць, яе недзе пакрыўдзілі калісьці. Чалавек выйшаў, сваю крыўду расказвае, і ўсе так са сьмяшком глядзяць на гэтую жанчыну. Таму я яе як бы маральна падтрымаў, таму што я прадстаўляю "Рабочую самадапамогу". Наша задача — дапамагчы людзям, маральна й матэрыяльна, як заўгодна", — зазначыў спадар Антончык.

Паводле старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, адпаведныя дакумэнты накіруюць у пракуратуру, і спадарыні Лабанавай пагражае штраф.

Такім чынам, з 25 прэтэндэнтаў сёньня засталося 24. Аднак сёньня Цэнтральная камісія поштай атрымала заяву пра рэгістрацыю групы Аляксандра Батуры, бізнэсоўца зь Менску, які, паводле спадарыні Ярмошынай, чамусьці ня змог асабіста наведаць Цэнтарвыбаркам і даслаў пісьмо.

(Ярмошына: ) "Ён даслаў своечасова, але ж яно прыйшло нясвоечасова".

(Карэспандэнт: ) "А калі заўтра яшчэ адно прыйдзе?"

(Ярмошына: ) "Заўтра вынесем на разгляд, але ў нас аднагалосная прапанова сасьпела — адмовіць у задавальненьні заявы: яна пададзеная з парушэньнем тэрмінаў, па пошце. Калі Пазьняк па пошце даслаў, і яно прыйшло ва ўстаноўленыя тэрміны, мы ж яго разгледзелі".

Як дадала Лідзія Ярмошына, гэтае пытаньне будзе разглядацца заўтра апоўдні, на апошнім паседжаньні Цэнтарвыбаркаму ў справе рэгістрацыі ініцыятыўных групаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG