Напачатку гаворка пайшла ў звычным для жаночых імпрэзаў рэчышчы: мажлівасьці ды формы рэалізацыі сацыяльна-пэдагагічных ды псыхалягічных уплываў жаночых арганізацыяў на фармаваньне гуманістычных пачаткаў у грамадзтве.
Вялікія мажлівасьці жанчын у стварэньні трывалых чалавечых каштоўнасьцяў ва ўсіх грамадзкіх адзінках, ад сям’і да ўраду, паказала ў сваім выступе госьця канфэрэнцыі, жонка намесьніка кіраўніка амэрыканскае місіі ў Беларусі Джона Кунстатэра Мэліса, якая цяпер вывучае дзейнасьць беларускіх няўрадавых арганізацыяў.
(Кунстатэр: ) "Яны былі сілай, якая хаваецца за тронам. Яны ўплывалі на сваіх мужоў, якія праводзілі ў жыцьцё бізнэсовыя і культурныя акты".
Так вобразна, на прыкладзе вядомых амэрыканак, пачынаючы ад жонкі другога амэрыканскага прэзыдэнта Джона Адамса ацаніла спадарыня Кунстатэр грамадзкую ролю жанчын. Якая, аднак, паводле ейных словаў, была страчаная ў 70-80-я гады мінулага стагодзьдзя. Гэта адбілася на стане гуманітарных каштоўнасьцяў грамадзтва, і Амэрыка сёньня шукае шляхі да вяртаньня ў жыцьцё "сілы, якая хаваецца за тронам".
Аднак пры гэтым спадарыня Кунстатэр у сваім выступе ня раз акцэнтавала мажлівасьці роўнага вольнага выбару амэрыканскіх жанчынаў, у той час як стан беларускага грамадзтва далёкі ад гэтага.
Тым ня менш ейная парада беларускім жанчынам:
(Кунстатэр: ) "Будзьце падрыхтаваныя да вашае будучыні! Будучыні, якая прыйдзе сёньня ці заўтра, можа быць у сёлетнім верасьні, а можа і цягам жыцьця вашай дачкі".
Натуральна гаворка пакрысе перамясьцілася ў надзённы для Беларусі момант стварэньня ў грамадзтве такіх мажлівасьцяў. Павярнуў гаворку ў гэтае рэчышча адзіны ў залі мужчына — юрыст Георгі Куневіч.
Доля жанчын сярод электарату складае каля 53%. І яны ня толькі выбіраюць будучыню сваім дзецям, але і імкнуцца ўплываць на выбар мужчынаў. Пра што асабліва яскрава сьведчыць полавы склад групаў незалежных назіральнікаў на будучых прэзыдэнцкіх выбарах. Паводле зьвестак арганізатараў канфэрэнцыі, жанчын-назіральніц будзе больш за палову.
Пра рост увагі беларускіх жанчын да прэзыдэнцкіх выбараў засьведчыла прысутнасьць на канфэрэнцыі вядомае пісьменьніцы Сьвятланы Алексіевіч, якая ад мінулай восені жыве ў Італіі і якой належыць выслоўе, што жанчыне, тым больш творчай ня месца на барыкадах.
(Алексіевіч: ) "Я проста думаю, што ў жанчын іншая барыкада. Я супроць тое формы барыкады, калі гэта нянавісьць — незалежна ці са знакам плюс ці са знакам мінус. Таму што агрэсіўнае энэргіі і так шмат у нашым грамадзтве.
Я лічу, што жанчына павінна адстойваць нашую годнасьць, нашае жыцьцё, нашую будучыню, але сваімі жаночымі сродкамі. Вось што я мела на ўвазе. Я не казала, што давайце пакінем усё як ёсьць і падпарадкуемся гэтаму. Я казала, што час патрабуе сваіх формаў супроцьстаяньня, і тут жанчыны маюць велізарны вопыт", — сказала Сьвятлана Алексіевіч.