Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАБ БЕЛАРУСЬ БЫЛА ЦЫВІЛІЗАВАНАЙ, УЛАДЗІМЕР ПОЗЬНЕР ПАДАЎ БЫ НА АЛЯКСАНДРА ЛУКАШЭНКУ Ў СУД


Ігар Карней, Менск

Ва ўчорашнім эфіры праграмы "Времена" Ўладзімер Позьнер даволі жорстка выказаўся на адрас Аляксандра Лукашэнкі, які, нагадаю, напрыканцы мінулага тыдня заявіў, што ўдзел чацьверкі апазыцыйных кандыдатаў у праграме ОРТ 10 чэрвеня каштаваў ім 240 тысяч даляраў.

На жаль, сёньня Ўладзімер Позьнер зьехаў за мяжу, і таму атрымаць больш канкрэтны камэнтар не ўдалося. Але ў суботу на даручэньне аднаго з удзельнікаў той перадачы, Паўла Казлоўскага, супрацоўнікі ягонага перадвыбарчага штабу гутарылі па тэлефоне са спадаром Позьнерам. Той падкрэсьліў, што калі б справа адбывалася ў нармальных краінах, ён прыцягнуў бы Лукашэнку ў суд, і той заплаціў бы куды болей за гіпатэтычныя 240 тысяч даляраў.

Далей цытую вытрымку з размовы з Позьнерам, якую занатавалі калегі Казлоўскага: "У цывілізаваных краінах, калі ты ня здольны даказаць абвінавачаньне, цябе чакае суд і буйныя санкцыі. А Лукашэнка ніколі ня зможа даказаць факт хабару, бо гэта брудная хлусьня. У Амэрыцы падобны паклёп абышоўся б Лукашэнку на некалькі мільёнаў даляраў. І гэтыя мільёны я раздаў бы беларускім сем’ям, якія маюць у гэтым патрэбу. Сам я гэтымі грашыма карыстацца ня мог бы, бо ягоныя грошы — гэта брудныя грошы. Аднак мы жывем у іншых краінах, і я магу выказаць Лукашэнку толькі сваю пагарду". Так пракамэнтаваў сваю пазыцыю Ўладзімер Позьнер.

А вось што з гэтай нагоды мяркуе Павал Казлоўскі:

(Казлоўскі: ) "Сапраўды, у цывілізаванай дзяржаве кіраўнік трымаў бы адказ, як і любы грамадзянін. І Позьнер мае рацыю, калі кажа, што ў ЗША адсудзіў бы сабе некалькі мільёнаў даляраў. Ні капейкі ніхто Позьнеру не плаціў.

Гэта было нечаканае запрашэньне; у нейкім сэнсе спроба прарыву інфармацыйнай блякады, якая існуе ў Беларусі. Гэта быў вельмі важны крок, і пра гэта Позьнер таксама сказаў учора. І ён даў зразумець: калі прыедзе Лукашэнка і прапануе грошы, ён іх ня возьме, бо гэта брудныя грошы".

Многія дэмакратычныя кандыдаты апасаюцца, што і надалей кожнае іхнае зьяўленьне ў эфіры расейскіх каналаў будзе суправаджацца абвінавачаньнямі прадстаўнікоў улады, не падмацаванымі ніякімі доказамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG