Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЯРЖКАМДРУК ПАТРАБУЕ АД “ПРАВІНЦЫЯЛКІ” НЕ ПЕРАДРУКОЎВАЦЬ МАТЭРЫЯЛЫ РАДЫЁ СВАБОДА


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

Першы нумар "Правінцыялкі" пасьля нечаканай адмовы Пінскай рэгіянальнай друкарні давялося друкаваць ва Ўкраіне. На выпуск другога ды наступных нумароў тыднёвіка падпісалі дамову зь недзяржаўнай менскай друкарняй "Плутас маркет".

Аднак жа мінулай серадой дырэктар "Плутас маркету" Ігар Вішнеўскі насуперак дамове адмовіўся друкаваць трэці нумар "Правінцыялкі", спаслаўшыся на загад начальніка ўпраўленьня прававога забесьпячэньня Дзяржкамдруку Ігара Коваля.

У размове з выдаўцом і заснавальнікам "Правінцыялкі" Аляксандрам Ігнацюком Ігар Коваль запатрабаваў унесьці ў дамову з друкарняй пункт, паводле якога друкарня можа адмаўляць выдаўцу, калі матэрыялы нумару супярэчаць заканадаўству. Цэнзарам мусіў быў быць дырэктар "Плутас маркету" Ігар Вішнеўскі — але ён заявіў, што рабіць гэтага ня будзе.

Спадар Коваль абвінаваціў выдаўца і ў зьмене тэматыкі выданьня, якое зарэгістраванае як газэта дзеля адпачынку, а не грамадзка-палітычная. Аднак жа спадар Ігнацюк у адпаведнасьці з законам накіраваў у Дзяржкамдрук ліст, дзе паведамляе пра зьмену тэматыкі "Правінцыялкі".

У гэты ж дзень Ігар Коваль паведаміў заснавальніку, што газэта ўсё ж можа быць надрукаваная, але пры ўмове, што з паласы здымуць часткова перадрукаванае з сайту Беларускай службы Радыё Свабода паведамленьне пра дачыненьне цяперашняга генэральнага пракурора Беларусі Віктара Шэймана ды былога міністра ўнутраных справаў Юр'я Сівакова да стварэньня ў Беларусі "эскадрону сьмерці".

Ад такога "кампрамісу" заснавальнік "Правінцыялкі" спадар Ігнацюк адмовіўся, бо ня мог выпускаць газэту зь белай плямай. Са словаў Аляксандра Ігнацюка, праз два дні, у пятніцу ў размове зь ім старшыня Дзяржаўнага камітэту па друку Міхаіл Падгайны пацьвердзіў, што ягонае ведамства накіравала ў друкарню "Плутас маркет" папярэджаньне, каб ня друкавалі "Правінцыялку", інакш дзейнасьць друкарні прыпыняць.

Цікава, што ніводнага афіцыйнага папярэджаньня ад Дзяржкамдруку рэдакцыя "Правінцыялкі" дагэтуль не атрымала. Чаму Дзяржкамдрук перасьледуе менавіта "Правінцыялку" — паведамленьне ж пра "эскадрон сьмерці" надрукавалі і іншыя незалежныя газэты. Адказвае рэдактар "Правінцыялкі" Аляксандар Ігнацюк:

(Ігнацюк: ) "Гэта не Дзяржкамдруку ініцыятыва. Сам Ігар Коваль, начальнік упраўленьня прававога забесьпячэньня Дзяржкамдруку тлумачыў мне ў прысутнасьці майго камэрцыйнага дырэктара Ільлі Шэпеля, што адміністрацыя Пінску адправіла скаргу на мяне ў адміністрацыю Лукашэнкі. Адтуль зьвярнуліся ў Дзяржкамдрук з патрабаваньнем навесьці парадак, зрабіць нейкія захады, каб "Правінцыялка" сьцішыла свой ход".

(Карэспандэнт: ) "І што вы зараз будзеце рабіць?"

(Ігнацюк: ) "Мяркую, мы будзем друкавацца ці ў Польшчы, ці ў Расеі".

Сёньня рэдакцыя "Правінцыялкі" накіравала зварот да беларускай і замежнай грамадзкасьці з просьбай выказаць падтрымку газэце ды асудзіць проціпраўныя дзеяньні Дзяржаўнага камітэту па друку Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG