Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЯК ТАКІ ЦЬВЯРОЗЫ ПАЛІТЫК ЯК ЗЯНОН СТАНІСЛАВАВІЧ МОГ ДАЦЬ ЗГОДУ НА ВЫЛУЧЭНЬНЕ?..” ДЫ ІНШАЕ


Валянцін Жданко, Менск

Пачатак прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі адзначаны шэрагам неспадзяваных падзеяў, на якія адгукнуліся многія нашы слухачы. Так, жаданьне кіраўніка Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянона Пазьняка зноў удзельнічаць у змаганьні за пасаду прэзыдэнта выклікала супярэчлівую рэакцыю ў асяродзьдзі ягоных аднадумцаў. Вось які ліст на гэтую тэму даслаў нам Васіль Пракопчык зь Менску. Ён піша:

"Пачуў па Радыё Свабода, што Зянон Пазьняк вылучаецца кандыдатам у прэзыдэнты. Мяне вельмі непакоіць такое рашэньне. Па-першае, 30 адсоткаў падтрымкі, на якія спасылаліся на Сойме БНФ, гэта, даруйце, фікцыя. Нават у час уздыму, на выбарах 1994 году, Зянон Станіслававіч атрымаў менш за 15 адсоткаў галасоў. На гэтых выбарах нельга спадзявацца і на такую лічбу.

Ды, урэшце, справа ня дойдзе да выбараў, бо Зянона Станіслававіча арыштуюць, як толькі ён пераступіць мяжу. Я нават вельмі баюся, каб зь ім там у Польшчы не адбылося таго, што здарылася тут у Беларусі з Захаранкам, Ганчаром ды іншымі.

Галоўная мэта на сёлетніх выбарах — пазбавіцца гэтага рэжыму, які цягне нас у багну. І ўсе намаганьні павінны быць скіраваныя на дасягненьне гэтай мэты. Але калі яшчэ і БНФ будзе дзейнічаць, як той Лебедзь зь вядомай крылоўскай байкі, то, як і ў байцы, воз застанецца там жа, дзе і быў.

Не магу зразумець, як такі цьвярозы палітык як Зянон Станіслававіч мог даць згоду на вылучэньне: ён жа яшчэ нядаўна адмоўна адказваў на правакацыйныя заклікі прыехаць у Беларусь. І тыя пытаньні, якія яму на гэты конт задавалі, лічыў "некарэктнымі".

Гэта — трагічная памылка. БНФ павінен на гэтых выбарах падтрымаць таго кандыдата, які мае рэальныя шанцы на перамогу. І калі апазыцыйны кандыдат пераможа на гэтых выбарах, то тады ўжо ў наступных выбарах Зянон Станіслававіч зможа прыняць удзел. Але і тады я ня ўпэўнены, што ён пераможа, бо наша насельніцтва яшчэ не дарасло да спасьціжэньня патрыятычных ідэяў Зянона Станіслававіча", — лічыць Васіль Пракопчык зь Менску.

З тым, што ў Зянона Пазьняка вельмі нязначныя шанцы на перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах, згодныя фактычна ўсе — і правыя, і левыя, і ўлады. З гэтай прычыны, спадар Васіль, наўрад ці нешта пагражае Зянону Пазьняку, калі ён захоча прыехаць у Беларусь.

Думаю, што наадварот — улады прыхільна паставяцца да гэтага кроку, які выгадны ім хоць бы з пункту гледжаньня міжнароднага іміджу. Варта заўважыць, што і ўся дзяржаўная прапагандысцкая машына сёньня скіраваная зусім ня супраць Зянона Пазьняка — а супраць тых палітыкаў, якія могуць стаць рэальнымі канкурэнтамі Аляксандра Лукашэнкі.

Таксама на тэму шматлікіх вылучэньняў ахвотных стаць прэзыдэнтамі напісаў нам Аляксей Ліцьвінчук зь Берасьця. Назіраючы за ўсім гэтым патокам, Аляксей усё больш схіляецца да думкі, што мяняць уладу ня варта. Цытую ягоны ліст:

"У прэзыдэнты лезуць нават тыя, пра каго ніхто ніколі ня чуў. І будуць жа абяцаць горы залатыя. Але дзе гарантыя, што не падмануць, што пры іх ня будзем жыць яшчэ горш?

Лукашэнка таксама шмат абяцаў і шмат ня выканаў. Не запусьціў ён заводы — як працавалі мы па два дні на тыдзень у 1994-м годзе, так і цяпер працуем. І плаціць нам па 100 даляраў сёлета ня будуць, гэта відавочна, бо не заробім мы такіх грошай. Але што да Лукашэнкі, то хоць ведаем, чаго ад яго можна чакаць. Пры ім хоць квартплата невысокая, транспарт. І злодзеяў ён каля сябе не трымае.

А дапусьці да ўлады вашых дэмакратаў — яны разрабуюць краіну. Будзем сядзець, як у Расеі, безь цяпла, сьвятла і зарплаты", — напісаў Аляксей Ліцьвінчук зь Берасьця.

Дзіўная лёгіка, спадар Ліцьвінчук. Вы самі прызнаяце, што Аляксандар Лукашэнка вас падмануў, што ня выканаў таго, што абяцаў, але вы здольны гэты падман цярпець толькі дзеля таго, каб не дапусьціць падману іншага.

Відавочна, за Лукашэнку будуць галасаваць тыя, каго задавальняе цяперашняя сытуацыя ў краіне. За сем гадоў ён меў магчымасьць паказаць усё, на што здольны. І наколькі зьмянілася ў лепшы бок за гэты час жыцьцё, кожны на выбарах павінен сумленна адказаць сам.

Што да апасеньня, што пры іншым прэзыдэнце, пры дэмакратах можа стаць яшчэ горш, то азірнецеся навокал, спадар Ліцьвінчук. Паглядзіце хоць бы на досьвед той жа Польшчы, да якой ад Берасьця рукой падаць.

Ліст ад настаўніцы Алены Цыхун зь Віцебскага раёну, якая знайшла ўласнае выйсьце са складанага стану, у якім сёньня апынаецца амаль кожны хлопец ці дзяўчына пасьля вышэйшай навучальнай установы. Алена дзеліцца сваімі ўражаньнямі ад трохгадовай працы ў вёсцы. Яна піша:

"Вёску Беларусь згубіла. Хоць Лукашэнку пакінуць прэзыдэнтам, хоць Пазьняка выбраць — нічога там ня зьменіцца. Нямоглыя старыя ды беспрабудныя алькаголікі і п'яніцы — вось што такое сёньняшняя беларуская вёска. Няма там гаспадара і быць ня можа.

Ні зямля ім не патрэбная, ні грошы. Навошта той галаўны боль. Увесь клопат толькі пра тое, як з раніцы што-небудзь у калгасе ўкрасьці, каб прадаць і да абеду напіцца. Самі дэградавалі й нараджаюць такіх жа дэбілаў, якія за дзесяць гадоў нават чытаць ня здольныя як сьлед навучыцца. Нічога ня скажаш, адукаваная і культурная нацыя.

Ды ад’едзьце дзесяць кілямэтраў ад Менску, прайдзіце па вясковай вуліцы, дзе кроку ня ступіш, каб не запэцкацца, паглядзіце на гэтыя занядбаныя трушчобы, якія язык не паварочваецца назваць дамамі, зайдзіце ўсярэдзіну, дзе патыхае галечай, п'янствам і брудам…

Не магу ўявіць беларускую вёску іншай. Хіба што аддаць задарма гэтую зямлю якім-небудзь немцам — можа, хоць яны тут нейкі парадак навядуць, прывязуць сваю тэхніку і культуру. Сама ж я, адпрацаваўшы тры гады пасьля ўнівэрсытэту, на шчасьце, пакідаю назаўсёды і вёску гэтую, і Беларусь. Шкадую толькі бацькоў", — гэта быў ліст ад Алены Цыхун зь Віцебскага раёну.

Тое, што вы напісалі, Алена — праўда, але ня ўся. Так, дэградацыя ў беларускай вёсцы набыла катастрафічныя маштабы. Але амаль у кожнай вёсцы (ведаю гэта з уласнага досьведу) застаюцца адзін-два гаспадарлівыя мужыкі, якія працаваць умеюць і хочуць. Вось каму трэба аддаваць зямлю, тэхніку і дзяржаўныя крэдыты. І не як ласку ім гэта даваць, а прасіць, каб узялі й працавалі. На іх усё спадзяваньне.

Віна гэтай улады ў тым, што такіх людзей яна не заўважае, а працягвае фінансаваць напаўразбураныя калгасы, і гэтым толькі падаўжае агонію калгаснай сыстэмы.

Антон Ліпніцкі з Баранавічаў — адзін зь дзясяткаў тысячаў тых, хто паверыў абяцаньням высокіх прыбыткаў і даверыў грошы сумнеўнаму банку. Спадар Ліпніцкі піша:

"Слухаем вас ужо даўно, шмат гадоў, і амаль штодня. Апроч усяго іншага, вашыя перадачы дапамаглі нам выратаваць паўтары тысячы даляраў, укладзеных на пачатку мінулага году ў банк "БелБалтыя". Як толькі мы пачулі па Радыё Свабода (дзесьці летась у кастрычніку), што ў банку ўзьніклі цяжкасьці — назаўтра ж забралі ўсе свае даляры (тады яшчэ можна было гэта зрабіць).

Думаем, што банкруцтва гэтага банку адбылося пры ўдзеле Нацыянальнага банку і не бязь ведама Лукашэнкі. Яны рабілі выгляд, быццам ня ведаюць, што "БелБалтыя" прымае валюту, ня маючы на тое ліцэнзіі. А калі такіх укладаў набралася каля 20-ці мільёнаў — тут і аб’явілі банкруцтва. А цяпер Нацбанк будзе паволі аддаваць гэтыя грошы на працягу 5-7 гадоў без усялякіх адсоткаў. Вось так Лукашэнка папаўняе бюджэт за кошт легкаверных грамадзянаў", — напісаў Антон Ліпніцкі з Баранавічаў.

Нават калі такіх зламысных намераў улады і ня мелі, спадар Ліпніцкі, то ўсё ж у іхнай кампэтэнцыі пасьля 10-гадовага досьведу шматлікіх фінансавых пірамідаў засьцерагчы людзей ад такога падману. А якраз гэтага і не зрабілі. Да таго ж самым буйным фінансавым махляром застаецца сама дзяржава — мільёны ўкладчыкаў савецкага Ашчаднага банку дагэтуль не дачакаліся ўвогуле ніякай кампэнсацыі.

На заканчэньне — ліст ад школьніка Мікіты Пазьняка з Наваградку. Ён піша:

"Я толькі-толькі закончыў дзявяты кляс, і цяпер перада мной цэлае жыцьцё. Але немагчыма пабудаваць сваё асабістае жыцьцё, калі ня будзе наша Радзіма вольнай, свабоднай і шчасьлівай. Я ўпэўнены, што калі кожны беларус будзе гатовы аддаць сваё жыцьцё за Радзіму, за свой народ, мову, культуру — мы ніколі ня зьведаем бяды.

Хачу выказаць вам вялікую падзяку за тое, што вы ёсьць. Для мяне — чалавека, які любіць сваю Радзіму, сваю мову, патрыёта — няма нічога лепш, чым чуць голас Свабоды", — напісаў школьнік з Наваградку Мікіта Пазьняк.

Шчыра ўдзячныя вам, Мікіта, за гэтыя пранікнёныя і шчырыя словы, якія для нас вельмі многае значаць.

На мінулым тыдні мы таксама атрымалі ліст ад Георгія Белаконя з Калінкавічаў Гомельскай вобласьці.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG