Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАБОТНІКАЎ “БЕЛОМА” ІНСТРУКТАВАЛІ, ПРА ШТО МАЎЧАЦЬ ПАДЧАС СЁНЬНЯШНЯГА ВІЗЫТУ ЛУКАШЭНКІ


Ігар Карней, Менск

Пачынаючы зь мінулага тыдня, Беларускае оптыка-мэханічнае аб’яднаньне па чарзе наведвалі чыноўнікі з Лукашэнкавай адміністрацыі й супрацоўнікі ягонай службы аховы.

Паводле работнікаў прадпрыемства, не засталося ніводнага кутка, куды не зазірнулі б ахоўнікі. У панядзелак у мэтах бясьпекі адключылі ўсе ліфты. Шэраг пакояў зачынілі да сканчэньня візыту, і ўваход туды быў катэгарычна забаронены нават кіраўнікам цахоў.

Але найбольш людзей абурыў інструктаж, які правялі сярод супрацоўнікаў, якіх дэлегавалі на сустрэчу з Лукашэнкам. Гаворыць рабочы прадпрыемства, які, баючыся перасьледу з боку кіраўніцтва, папрасіў не называць ягонага прозьвішча:

(Рабочы: ) "Нас інструктавалі — каго асобна, а так больш па невялікіх групах. Пачалі з таго, што не павінна быць ніякай самадзейнасьці. Пытаньні задаваць кароткія, па сутнасьці, не засяроджвацца на малых заробках, ня скардзіцца на побыт і г.д.

Рабіць усё дзеля таго, каб стварыць атмасфэру ўсеагульнага даверу й падтрымкі дзейнага прэзыдэнта на восеньскіх выбарах. Апроч таго (гэта ўжо, напэўна, была непасрэдна служба аховы): не рабіць рэзкіх рухаў, не ўставаць загадзя зь месца, не трымаць рукі ў кішэнях і не цягнуць іх угару. Адным словам, не высоўвацца без патрэбы".

Цягам тыдня большасьць работнікаў аб’яднаньня ў пазапрацоўны час прымушалі прыбіраць тэрыторыю. Яны фарбавалі бардуры, падразалі дрэвы, мялі асфальт і г.д.

Дарэчы, нешта падобнае ўжо адбывалася падчас наведваньня Лукашэнкам Менскага трактарнага заводу. Тады некаторыя рабочыя прыгадвалі, што, апроч ужо звыклых працэдураў праверкі, у падазроных памяшканьнях нават заварвалі аўтагенам дзьверы, а некаторым рабочым зь не зусім станоўчай рэпутацыяй загадалі ў той дзень наогул не выходзіць на працу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG