Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО ШТУРХНУЛА ПРАФЭСАРА БАНДАЖЭЎСКАГА НА ЎЦЁКІ ЗА МЯЖУ?


Казімер Яноўскі, Гомель

Акурат сёньня ў абласным судзе зноў засядала Ваенная калегія Вярхоўнага суду па справе хабарніцтва ў мэдінстытуце. Яна заслухала слова апошняга падсуднага і паведаміла, што вырак будзе абвешчаны 18 чэрвеня. Паколькі Юры Бандажэўскі – адзін з абвінавачаных па гэтай гучнай справе, то памежнікі па распараджэньні Вайсковай калегіі ВС вымушаныя былі даставіць прафэсара з ізалятара ў абласны суд.

Што ж прымусіла Бандажэўскага шукаць у нядзелю паратунку за межамі краіны?

(Бандажэўскі: ) “Адразу не раскажаш, але ж вы бачыце, якая скалася сытуацыя вакол мяне – яна далёка не стандартная. Адно магу сказаць – усё гэта наступствы таго, што ў суботу і нядзелю склалася рэальная пагроза ня толькі майму жыцьцю, але і маёй сям’і”.

З залі суда змучанага прафэсара памежнікі і міліцыянты-ахоўнікі ледзь не цягнулі за рукавы на выхад, далей ад журналістаў.

Сёньня ж стала вядома, што і Бандажэўскаму, і двум грамадзянам Украіны, спадарам Усаценку і Кузьняцову, якія прывезьлі прафэсара на мяжу, з санкцыі абласной пракуратуры падоўжанае ўтрыманьне пад вартай на 10 сутак.

Распавядае адвакат Бандажэўскага Аляксандар Баранаў:

(Баранаў: ) “Я ня ведаю, у якім законе гэта ёсьць, каб маглі падоўжыць утрыманьне ў ізалятары на 10 сутак паводле адміністрацыйнага пратаколу, за які не прадугледжаная адміністрацыйная адказнасьць у выглядзе арышту. Гэта роўназначнае арышту чалавека па крымінальнай справе, за якую не ўсталяваная такая мера пакараньня, як пазбаўленьне волі”.

Першыя двое сутак памежнікі так і не дапусьцілі у ізалятар да прафэсара адваката Баранава, і толькі сёньня ён дамогся пісьмовага дазволу пракурора вобласьці Алега Палавінкі на ўдзел у справе расьсьледаваньня інцыдэнту на мяжы.

Жонка зноў арыштаванага прафэсара, Галіна Бандажэўская, па-ранейшым ня верыць у добраахвотныя ўцёкі мужа. Паводле яе словаў, за паўтара года, што прафэсар знаходзіўся пад падпіскай аб нявыезьдзе, ён мог атрымаць палітычны прытулак практычна ў любой заходняй краіне, але ён гэтага не зрабіў нават пасьля прысуджэньня яму дэпутатамі Эўрапарлямэнту пашпарта свабоды. Праўда, у дзёньнікавых запісах, сказала спадарыня Бандажэўская, муж сапраўды апасаўся магчымасьці яго фізычнага зьнішчэньня.

Ня можа Галіна Бандажэўская дастукацца і да вышэйшых кіраўнікоў у справе свайго мужа:

(Бандажэўская: ) “Нават цары прымалі жонак дзекабрыстаў, і нават цары прымалі маці Леніна, фактычна, царазабойцы. Наш жа прэзыдэнт – глухі да гэтага”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG