Наіўна спадзявацца зразумець іншую краіну за пяць дзён. І ўсё ж калі нешта проста кідаецца ў вочы, паўтараецца ва ўсіх размовах, цяжка патлумачыць гэта толькі суб’ектыўнасьцю назіральніка ці спэцыфічным колам ягоных кантактаў падчас кароткай камандзіроўкі. Асабліва калі гэтыя ўражаньні супярэчаць як звыклым стэрэатыпам, так і звычаям тваёй уласнай Радзімы.
Самае моцнае ўражаньне, якое засталося ў мяне ад Югаславіі, – гэта неверагодная цяга народу, людзей, да Эўропы. Ад палітоляга і афіцыянта, ад студэнта і журналіста я чуў адное і тое ж: “Мы былі Эўропаю, мы ёсьць Эўропа, мы будзем у Эўропе”.
У гэтым сэнсе натаўскія бамбаваньні сталі жорсткім выпрабаваньнем для гэтых праэўрапейскіх пачуцьцяў югаславаў, якое яны вытрымалі. Я нават спрабаваў правакаваць сваіх суразмоўцаў, кажучы: “Ну, а вось кіраўнікі краінаў НАТА, якія вас бамбавалі, Вы ж самі гаворыце, што яны – злачынцы?”. “Так, злачынцы,” – адказвалі мне. Гэтая рана ў народнай сьвядомасьці не загаілася. “А зараз вы хочаце ў Эўропу – гэта значыць, да гэтых злачынцаў?” – пытаў я. Паўза і адказ: “Мы ўсё роўна пойдзем у Эўропу”. Наколькі я зразумеў, югаславы, сэрбы ўспрымаюць Захад, Эўропу, як сваіх, родных, якія два гады таму, падчас бамбаваньняў чамусьці звар’яцелі. Але ж засталіся сваімі, і шлях да гэтых сваіх – адзіны магчымы.
На пытаньні ж пра стаўленьне да Расеі даваўся халодны адказ, які кантраставаў са зьместам: “У нас ёсьць сантымэнт да Расеі”. І кропка. Ускосны паказчык гэтай адхіленасьці – тэматыка мэдыяў. Ільвіная доля публікацыяў друку, перадачаў тэлебачаньня – свае югаслаўскія справы, а далей Харватыя, Італія, Польшча, Нямеччына, Аўстрыя. І зрэдку –караценькая інфармацыя пра Расею. Гэта не наўмысна, ня вынік нейкай антырасейскай палітыкі – Расея проста малацікавая. Затое на адным з тэлеканалаў бачыў нават рубрыку “Мая Эўропа”, дзе палітыкі і грамадзкія дзеячы распавядаюць, як яны бачаць вяртаньне краіны ў сям’ю эўрапейскіх народаў.
Мае спробы правакаваць суразмоўцаў, маўляў, вось падчас бамбаваньняў Лукашэнка адзіны да вас прыяжджаў, а чаму зараз вы зь ім ня хочаце сябраваць, адказы выклікалі даволі простыя, як, прыкладам, адказаў супрацоўнік бялградзкай кінастудыі Пэтар.
(Пэтар: ) “Лукашенка быў сябрам Мілошэвіча, а ня нашага народу. Мы адчуваем сябе часткаю Эўропы і цалкам натуральна, што мы, нягледзячы на бамбаваньні, ідзем ў Эўропу. І калі Лукашэнка зараз мае з намі нейкія праблемы, то гэта яго праблемы зь Мілошавічам”.
Яшчэ адзін цікавы досьвед маёй камандзіроўкі – наконт былога прэзыдэнта. Югаславы сапраўды ня надта хочуць аддаваць Мілошавіча ў Гаагу. Але прычына – у недаверы да трыбуналу: “Чаму судзяць толькі сэрбаў, а не харватаў, не альбанцаў, не мусульманаў – ці яны менш рабілі злачынстваў?” – кажуць людзі. Уяўленьне гэтае не зусім адпавядае рэчаіснасьці, але ня ў гэтым справа. Пэўнае, ня надта моцнае нежаданьне аддаваць Мілошавіча ў Гаагу ніяк не зьвязанае з ацэнкаю былога куміра. Тут адзінадушша амаль поўнае. Я задаваў пытаньне: ну а раптам новая дэмакратычная ўлада ня здолее палепшыць жыцьцё людзей – ці ня выйдуць яны на вуліцы зь лёзунгамі: “Вярніце Слабадана”. І чуў у адказ: “Расчаравацца могуць, але Слабадана – ніколі, выдадуць яго ў Гаагу ці не – ён ў любым выпадку палітычны нябожчык”.
Днямі ўплывовы часопіс НІН надрукаваў вынікі сацыялягічнага дасьледаваньня, дзе ў людзей пыталіся: “Хто вінаваты ў войнах апошніх гадоў?”. 70% адказалі – харвацкі прэзыдэнт Туджман, 66% – Мілошавіч, 19% – Клінтан. Часопіс адзначае цікавы псыхалягічны мэханізм – грамадзкая думка ўскладае на былога куміра адказнасьць за ўсё: за распад былой вялікай краіны, за пралітую кроў, за ізаляцыю, за санкцыі.
Часам беларускія кіраўнікі пыхліва гавораць: “Ды што нам ізаляцыя, пражывем і без Эўропы”. У Бялградзе я крыху лепш зразумеў, што такое санкцыі. Санкцыі – гэта калі бэнзін у краіну завозяць кантрабандаю ў каністрах. Санкцыі – гэта калі на загараднае возера, кшталту Менскага мора, дзе летам адпачывае ўвесь Бялград, вядзе шаша шырынёю дзесяць мэтраў, і на якой гэтай зімою ўпершгыню за шмат гадоў аднавілі асфальт, атрыманы па гуманітарнай дапамозе. Санкцыі (прыклад для аўтааматараў) – гэта калі сярэдні ўзрост аўтамабіля ў Бялградзе – 14 гадоў. Сярэдні. Такіх дыназаўраў аўтабудаваньня, якія бегаюць па вуліцах Бэлграду, наўрад ці сустрэнеш нават у беларускай правінцыі, не гаворачы ўжо пра Менск.
Самі югаславы вызначаюць стан эканомікі краіны адным словам – катастрофа. Я, шчыра кажучы, з маім беларускім досьведам і поглядам вонкавага назіральніка, такой ужо катастрофы ня ўбачыў. Жывуць людзі, зразумела, цяжка, але ж ці ў Беларусі лёгка? Прыкладам, сярэдні заробак ў Югаславіі ў красавіку склаў 40 даляраў – дык і ў Беларусі ён ня надта вышэй. Але калі прыгадаць, што ў канцы 80-х, да Мілошавіча сярэдні югаслаў зарабляў ня сто і ня дзьвесьце, а 600 даляраў у месяц, разумееш, чаму яны зараз кажуць пра катастрофу. І разумееш, чаму Мілошавіч ня вернецца ніколі.
Югаслаўскі журналіст Небойша Бугаріновіч з болем казаў мне: “Вы бы прыехалі да нас гадоў 10 таму. Бэлград быў сапраўднай эўрапэйскай сталіцаю, у параўнаньні з намі і Прага, і Будапешт выглядалі заштатнай правінцыяй. А зараз яны –Эўропа , а мы – правінцыя”. Тое ж гаворыць і сацыёляг Ліліяна Бачавіч:
(Бачавіч: ) “ У канцы 80-х гадоў мы былі лепш за ўсе краіны Ўсходняй Эўропы падрыхтаваныя да ўступленьня ў Эўразьвяз. А зараз хутчэй за ўсё будзем нават за Альбаніяй”.
Тут паказальная і глыбіня падзеньня краіны, і так бы мовіць “восі каардынатаў”, кропка адліку, якая – ізноў такі Эўропа. Нават настальгія па былой Югаславіі мае іншы характар, чым настальгія па былым СССР. У краінах былога СССР гэтая настальгія мае антызаходніцкае адценьне, маўляў, “Мы Захаду супрацьстаялі на роўных”. У Югаславіі ж наадварот нават настальгія па адзінай дзяржаве мае праэўрапейскі характар: “З нашымі пашпартамі мы ж езьдзілі тады па ўсёй Эўропе, мы былі ў Эўропе ў сябе дома,” – гавораць людзі. Праўда, і настальгія гэтая зараз мае не такі яўны характар, як, прыкладам, у Расеі. Ніхто з палітыкаў, нават самых радыкальных, не заклікае аднавіць былую краіну любой цаною – бо паспрабавалі і ведаюць надзвычай вялікую цану гэтага.
Нагадаем, што цяперашняя Югаслаўская федэрацыя складаецца з Сэрбіі, дзе жыве прыкладна 10 мільёнаў чалавек, і Чарнагорыі з 600-тысячным насельніцтвам. Але амаль ўсе мае бялградзкія суразмоўцы казалі: “Мы сэрбы, у нас ў Сэрбіі”. Некаторыя дадавалі – ў Югаславіі, некаторыя – не. Чаму ? – спытаў я студэнтку Ганну, якая вывучае расейскую мову ў Бялградзкім унівэрсытэце.
(Ганна): “На самой справе я югаслаўка. Мая мама – харватка, з Далмацыі, а бацька – сэрб. Раней ва ўсіх дакумэнтах, анкетах мы пісалі “югаслаў, югаслаўка”. А цяпер становішча зьмянілася. Стала проста не прынята, ледзь ня сорамна напісаць “югаслаў”. Гэтая краіна больш ня існуе, у сэнсе ранейшай, вялікай Югаславіі. А цяперашняе – гэта як дзіця – той, старой Югаславіі”.
Шмат чаго бракуе ў цяперашняй Югаславіі. Але ж ёсьць і вялікі спадзеў, надзея, што цяпер, пасьля рэвалюцыі, краіна ня проста выжыве, але і расквітнее. І на тле гэтай веры, гэтай скіраванасьці я адчуваў пэўную недарэчнасьць сваіх пытаньняў пра Беларусь, на якія, прыкладам, пэнсіянэр Душан адказаў так:
(Душан: ) “Я б жадаў беларусам, каб яны адмовіліся ад Лукашэнкі і таксама пайшлі ў Эўропу”.
(Дракахруст: ) “Разам з вамі?”
(Душан: ) “Пасьля нас”.