Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ МОЖНА ДАВЯРАЦЬ ФАКТАМ, АПУБЛІКАВАНЫМ У ЛІСЬЦЕ СЬЛЕДЧЫХ ПЕТРУШКЕВІЧА І СЛУЧАКА?


Віталь Цыганкоў, Менск

(Цыганкоў: ) "Сёньня тэма Экспэртызы — сэнсацыйны ліст двух работнікаў пракуратуры. Упершыню людзі, якія называюць свае прозьвішчы, адкрыта заявілі, што ў Беларусі дзейнічае эскадрон сьмерці, які займацца ліквідацыяй няўгодных уладзе людзей.

І гэтая група, паводле аўтараў ліста, створаная некалькі гадоў таму на загад Дзяржсакратара Віктара Шэймана (зараз ён генэральны пракурор). "На рахунку" гэтай групы каля 30 чалавек. Усё гэта неяк не ўкладваецца ў галаве — як гэткае можа адбывацца ў Беларусі ў ХХІ стагодзьдзі, у краіне, якую многія ейныя жыхары лічаць цывілізаванай.

Работнік сьледчай групы пракуратуры Рэспублікі Беларусь Зьміцер Петрушкеіч агучыў 11 чэрвеня 2001 году новую інфармацыю, што да расьсьледаваньня "гучных справаў" зьнікненьня ў Беларусі вядомых людзей.

Са словаў Петрушкевіча і яшчэ аднаго чалавека, былога супрацоўніка пракуратуры Алега Случака, вынікае, што ў Беларусі на загад уладаў створаная спэцыяльная група, якая займацца ліквідацыяй няўгодных уладзе людзей.

Менавіта ў гэты "эскадрон сьмерці" ўваходзяць абвінавачаныя па справе Завадзкага спэцназаўцы Ігнатовіч і Малік. Група забойцаў створаная некалькі гадоў таму былым міністрам унутраных справаў Юр'ем Сіваковым (зараз высокі чыноўнік адміністрацыі прэзыдэнта) на загад Дзяржсакратара Віктара Шэймана (цяперашні генэральны пракурор). Узначальвае групу афіцэр спэцназу Зьміцер Паўлючэнка.

Сэнсацыйнай ёсьць таксама інфармацыя пра тое, што дзейны міністар унутраных справаў Навумаў дасёньня наведвае арыштаваных Ігнатовіча й Маліка, а таксама інфармацыя пра зброю, якую выкарыстоўвала банда забойцаў — гэта пісталет, зь якога ў Беларусі расстрэльваюць людзей, прысуджаных да сьмяротнага пакараньня.

Са словаў Петрушкевіча й Случака вынікае, што шукаць ахвяраў палітычных злачынстваў варта ў раёне Паўночных могілак у Навінках. Аднак спроба былога генэральнага пракурора Бажэлкі й экс-старшыні КГБ Мацкевіча выкрыць групу й знайсьці целы забітых пры дапамозе спэцыяльнай апаратуры скончыліся гучнай адстаўкай...

Гэтую інфармацыю атрымалі ўсе беларускія СМІ па электроннай пошце. Інтэрвію заканчваецца абяцаньнем прадаставіць у хуткім часе відэазапіс словаў Петрушкевіча й Случака. Яны таксама запэўніваюць, што маюць шматлікія дакумэнты па справе Завадзкага. Тэкст ліста прыводзіцца цалкам. Наколькі поўна можна давяраць апублікаванай інфармацыі? Што новага паведамілі вам ягоныя аўтары?"

(Саньнікаў: ) "Вы пытаецеся, ці можна верыць гэтай інфармацыі. Я ня ведаю. Таму што мусіць прайсьці пэўны час, каб яна пацьвердзілася.

Але яна не была нечаканай. Бо мы ведаем, што былі ананімныя звароты. Але зараз апроч фактаў, якія там прыводзіцца, ёсьць яшчэ й прозьвішчы людзей, якія гэтую інфармацыю даводзяць да нас".

(Цыганкоў: ) "Перш чым даць слова Генадзю Барбарычу, я нагадаю, што яго ў студзені выклікалі ў пракуратуру менавіта па справе Завадзкага за тое, што Барбарыч апублікаваў пэўныя зьвесткі. Генадзь, што для вас было новым у гэтым лісьце?"

(Барбарыч: ) "Амаль нічога новага для мяне не было. Я думаю, як і для тых журналістаў, што займаюцца гэтай справай. Большасьць гэтых фактаў ужо была ў прэсе, у ананімных лістах.

Новымі былі некаторыя падрабязнасьці. Прыкладам тое, што міністар унутраных справаў Навумаў ходзіць у сьледчы ізалятар да Ігнатовіча й Маліка. Я гэтага ня ведаў, ніхто мне пра гэта не распавядаў. І шчыра кажучы, я сумняюся, што такая інфармацыя магла застацца тайнай".

(Цыганкоў: ) "Давайце паразважаем, якія палітычныя ды іншыя вынікі можа мець зьяўленьне гэтага ліста. Хачу адзначыць, што гэта першая не ананімная ўцечка інфармацыі. Дагэтуль былі ўцечкі, якія прыходзілі па электроннай пошце ў незалежныя выданьні, але гэта першая, калі аўтары назвалі свае прозьвішчы.

Таму гэта адразу выклікае іншае стаўленьне жыхароў Беларусі. Адна справа — калі пра гэта гаворыць апазыцыя, іншая — пракурорскія работнікі, супрацоўнікі ведамстваў, якія называюць праваахоўчымі.

Так што думаю, гэтая інфармацыя можа выклікаць давер, і нават можа быць прапагандысцкі выбух, калі ўдасца яе давесьці да кожнага жыхара Беларусі. Чыя б гэта ні была гульня, гэта палітычна паўплывае на перадвыбарчую сытуацыю ў краіне.

Разумеючы, што людзі ўчынілі мужны крок, я разам з тым разумею, што такія крокі ня робяцца без падрыхтоўкі і, магчыма, бяз пэўнай падтрымкі. Ці можна разглядаць гэты ліст як вынік унутрыклянавай барацьбы ў атачэньні Лукашэнкі?"

(Саньнікаў: ) "Вы вельмі слушна заўважылі, што гэта не апазыцыя. З боку апазыцыі даўно гучалі абвінавачаньні на адрас рэжыму. А гэта тыя, хто супрацоўнічаў унутры рэжыму, і гэта вельмі істотна.

Зноў-такі падкрэсьлю, што я чакаю пацьвярджэньня альбо абвяржэньня гэтых фактаў. Але калі яны пацьвердзяцца, то я не казаў бы, што гэта нейкія клянавыя разборкі. Гэта будзе сьведчыць пра тое, што рэжым зьяўляецца ня толькі нелегітымным і недэмакратычным, але й крымінальным.

І тое, што людзі зрабілі гэткі крок пад сваімі прозьвішчамі, сьведчыць, што ёсьць пэўнае кола людзей, якія разумеюць, што адна справа — удзельнічаць у нейкім прапагандысцкіх мерапрыемствах, і зусім іншая — у мерапрыемствах, празь якія могуць неўзабаве абвінаваціць у крымінальным злачынстве”.

(Цыганкоў: ) “Генадзь, Вашае меркаваньне: якія вынікі апублікаваньне гэтага ліста можа мець для саміх сьледчых ды ўсіх сілавых структураў? Якія вынікі могуць быць канкрэтна для той сьледчай групы, якая займаецца справай Завадзкага?”

(Барбарыч: ) “Калі Петрушкевіч на самой справе зьехаў зь Беларусі, даў такое інтэрвію за межамі, то вынікі для гэтай сьледчай групы, я думаю, павінны быць самыя жорсткія. Прынамсі, непрыемныя: вымовы, а можа адстаўкі. Але калі гэта сплянаваная акцыя, то тады для іх усё абыйдзецца. Я, напрыклад, не выключаю, што гэта сплянаваная акцыя. Хачу нагадаць, што калі быў брыфінг для журналістаў па выніках пэўнага этапу сьледзтва, то намесьнік пракурора Міхаіл Сьнігір сказаў, што абвінавачаныя – Ігнатовіч і іншыя (а гэта, дарэчы, было і ў лісьце) – пагражаюць расправай сем’ям сьледчых, самім сьледчым. І вось тады Сьнігір заўважыў, што мы, маўляў, прынялі ўсе неабходныя меры, каб такога не адбылося. Я разумею так: што за сьледчымі была ўстаноўленая сочка, каб выключыць магчымасьць нападу на іх. І ў мяне адразу пытаньне: як жа сьледчы тады мог так спакойна ўцячы за мяжу? Тым больш сьледчы з такой важнай групы”.

(Цыганкоў: ) “А якія павінны быць фармальныя вынікі, якая рэакцыя на гэты ліст: павінна распачацца сьледзтва, узбуджаная крымінальная справа – бо факты, выкладзеныя ў лісьце, падпадаюць пад артыкулы Крымінальнага Кодэксу. Трэба неяк іх дасьледваць, так жа?”

(Барбарыч: ) “Паводле ідэі, крымінальная справа павінна быць узбуджаная ва гэтаму афіцэру МУС. А таксама ёсьць артыкул “разгалошваньне таямніцы сьледзтва”. Хачу дадаць, што мяне выклікалі ў пракуратуру, і ні хто іншы, як гэты самы Дзьмітры Петрушкевіч. Малады чалавек, якога адкамандзіравалі з пракуратуры Менску разам зь некаторымі іншымі сьледчымі. Я зь ім размаўляў спачатку сам-насам, і ён не зрабіў спачатку на мяне ўражаньня вельмі яркай фігуры – наадварот: спакойны, нават кволы малады чалавек гадоў 28-мі, без асаблівай ініцыятывы. Задаваў пытаньні, запісваў іх і ўсё – пакуль не прыйшоў іншы сьледчы – Чумачэнка, тады адразу ўзьнікла напруга. Так што калі лічыць па характары – я нават зьдзіўлены: чаму менавіта Петрушкевіч зрабіў гэты крок?”

(Цыганкоў: ) “Сп.Саньнікаў, як, на Вашу думку, гэтыя абнародваныя факты могуць адыграць сваю ролю ў перадвыбарчай кампаніі, якая ўжо пачалася ў Беларусі?”

(Саньнікаў: ) “Я не выключаю, як казаў і Генадзь, што гэта можа быць нейкі плян, таму мне хацелася б, каб было нейкае пацьверджаньне. І мяне менш турбуе, як гэта паўплывае на перадвыбарчую кампанію: усё, што я хачу ведаць – гэта праўду аб зьнікненьнях людзей, і хто вінаваты ў гэтым. Таму я не зьвязваю гэта з выбарчай кампаніяй. Але калі гэтыя факты пацьвердзяцца, то сытуацыя зьменіцца – я хацеў бы гэта падкрэсьліць – таму што мы будзем ведаць, з кім мы маем справу на самрэч”.

(Барбарыч: ) “Я не выключаю магчымасьці выкарыстаньня гэтага выпадку ў перадвыбарчай барацьбе. Напрыклад, калі ўзгадаць выпадак зь Віньнікавай, калі яна зьнікла, і ніхто 8 месяцаў ня ведаў, дзе яна знаходзіцца, а потым яна нечакана зьявілася ў Англіі. А чаму не ўявіць сабе, што нешта падобнае можа адбыцца з Завадзкім: што спэцслужбы, аднойчы паспрабаваўшы і атрымаўшы такі задавальняючы іх вынік, перад прэзыдэнцкімі выбарамі ня зробяць такіх жа захадаў? Уявіце сабе, што за месяц да выбараў раптам заяўляюць, што Завадзкаму нібыта пагражала страшная небясьпека, і ён быў узяты пад ахову, выратаваны ад гібелі ці нешта падобнае. Можна ўявіць, які накат пойдзе на апазыцыю: а вы абвінавачвалі Лукашэнку! І тое ж з Ганчаром і Захаранкам. Зразумела, што сытуацыя перавернецца. Я не выключаю, хаця і зь вельмі малым працэнтам верагоднасьці, такой магчымасьці”.

(Цыганкоў: ) “Яшчэ адзін аспэкт, які аналітыкі адзначалі пасьля зьяўленьня першых ананімных уцечак інфармацыі на гэтую тэму: што сілавыя структуры ня цалкам падкантрольныя Лукашэнку. У іх могуць быць розныя групоўкі, у якіх могуць працаваць на свае інтарэсы, можа на інтарэсы нейкіх расейскіх сілаў, можа проста там ёсьць людзі, якія адкрыта баяцца выказваць сваё незадавальненьне Лукашэнкам, але пры пэўных абставінах гатовыя гэта зрабіць. І гэта, можа, той перадавы атрад, на які Лукашэнка разьлічвае, але такія ўцечкі інфармацыі паказваюць, што можа яму і ня варта разьлічваць на адданасьць гэтых людзей. Прынамсі, не вярхушкі, а шэраговых супрацоўнікаў пракуратуры, міліцыі і г.д.”

(Саньнікаў: ) “Сам факт, калі існуюць пэўныя групоўкі, сьведчыць аб тым, што няма маналітнага рэжыму. Няма таго, што Лукашэнка хацеў бы бачыць у Беларусі – такой жорсткай дыктатуры. І калі існуюць групоўкі – яны будуць відавочна гуляць не на полі Лукашэнкі: яны будуць спрабаваць рабіць пэўныя ўцечкі інфармацыі альбо кантактаваць з тымі, хто апаніруе Лукашэнку”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG