Абвінавачаньні на адрас генэральнага пракурора Віктара Шэймана, былога міністра ўнутраных справаў Юр'я Сівакова і цяперашняга міністра Ўладзімера Навумава адпраўленыя праз Інтэрнэт адразу ў больш чым 30 недзяржаўных выданьняў і праваабарончых арганізацыяў.
Падпісалі гэтыя заявы сябра сьледчай групы па раскрыцьці зьнікненьня Зьмітра Завадзкага сьледчы Зьміцер Петрушкевіч і ягоны калега, былы супрацоўнік пракуратуры Алег Случак. Яны сьцьвярджаюць, што на загад Аляксандра Лукашэнкі яшчэ падчас кіраваньня Міністэрствам унутраных справаў Юр'ем Сіваковым на базе спэцыяльнага аддзелу МУС была створаная адмысловая група дзеля выкраданьня і зьнішчэньня палітычыных супернікаў.
Аўтары заявы называюць гэтую групу "эскадронам сьмерці". У яе быццам бы і ўваходзілі былыя "алмазаўцы" Ігнатовіч і Малік, якіх абвінавачваюць у выкраданьні Завадзкага. Сьледчыя заяўляюць, што група выкрала і зьнішчыла блізу 30 чалавек. Спосаб выкраданьня быў апрацаваны на крымінальных аўтарытэтах — такіх, як Шчаўлік ці Маманцёнак, а потым выкарыстаны супроць дзеячоў апазыцыі.
Апэрацыі супроць Захаранкі, Ганчара і Красоўскага прайшлі без праблемаў, а з апэратарам ОРТ Завадзкім усё "чыста" зрабіць не атрымалася. Як вынік, сьледчыя пракуратуры і КГБ, якія вялі расьсьледаваньне, выйшлі на сьлед "эскадрону сьмерці". Быў нават арыштаваны ягоны кіраўнік Зьміцер Паўлючэнка, а на базе спэцназу распачалі вышук.
Але тут, сьцьвярджаюць аўтары пасланьня, у справу ўмяшаўся генэральны пракурор Віктар Шэйман і загадаў вышук спыніць ды пакінуць тэрыторыю часткі. У той жа час на загад Аляксандра Лукашэнкі быў выпушчаны на волю Паўлючэнка.
Далей сьледзтва, сьцьвярджаюць аўтары, пайшло па ілжывым сьледзе, а на тых, хто зьбіраўся знайсьці праўду, пачаўся ціск. Паводле сьледчых, міністар Уладзімер Навумаў аказвае пэўную дапамогу Ігнатовічу і Маліку — дае ім зьвесткі пра ход расьсьледаваньня.
Сьледчыя не тлумачаць, чаму менавіта зараз яны вырашылі назваць свае імёны, але паведамляюць, што пры загадкавых абставінах памёрлі два іхныя калегі, якія займаліся справай Завадзкага. Напрыканцы сьледчыя абяцаюць прадаставіць відэакасэты сваіх інтэрвію.