“Я, супрацоўнік ворганаў пракуратуры Рэспублікі Беларусі Петрушкевіч Дзьмітры Паўлавіч, працую у сьледчай групе пракуратуры РБ над сьледствам у крымінальных справах адносна факту зьнікненьня журналіста Дзьмітрыя Завадзкага, забойства азэрбайджанскай сям’і, выкраданьня начальніка Кантрольна-рэвізійнай управы міністэрства культуры Грачова і іншых.
Абвінавачанымі ў гэтай справе зьяўляюцца адзін былы супрацоўнік спэцпадразьдзяленьня “Алмаз” МУС РБ, Ігнатовіч Валеры, дзейны супрацоўнік сьпецпадразьдзяленьня “Алмаз” Малік і яшчэ дзьве асобы.
Пасьля азнаямленьня з усімі матэрыяламі крымінальных справаў, я вырашыў зьвярнуцца да сродкаў масавай інфармацыі і міжнародных арганізацыяў, каб паведаміць пра стан справаў у Рэспубліцы Беларусі адносна сьледстваў пра зьнікненьне людзей, у тым ліку вядомых палітыкаў, якія да цяперашняга моманту ня знойдзеныя”.
[...]
Пасьля затрыманьня Ігнатовіча паступіла таксама інфармацыя, якая падцьвярджалася матэрыяламі крымінальнай справы, што ў выкраданьні Грачова браў удзел камандзір СОБР Паўлючэнка. [...] На затрыманьне Паўлючэнкі, як магчымага ўдзельніка злачыннай групы, была дадзеная згода кіраўніцтва пракуратуры Беларусі.
[...]
Паўлючэнка быў зьмешчаны ў ізалятар КГБ, дзе гэнэральны пракурор Бажэлка размаўляў зь ім пэрсанальна і патрабаваў, каб ён прызнаўся, дзе ўсё ж знаходзіцца журналіст Завадзкі. На той момант Завадзкі найбольш цікавіў сьледства. Ад Паўлючэнкі пасьля таго, як зь ім паразмаўляў Бажэлка, паступіла інфармацыя – што труп Завадзкага знаходзіцца ў раёне Паўночных могілак. Хутчэй за ўсё, тамсама знаходзяцца і зьніклыя беларускія палітыкі – Ганчар, Красоўскі, Захаранка.
У той самы дзень было прыблізна вызначанае месца, дзе ён пахаваны, дзе знаходзіцца ягоны труп, таму што там ніхто не сумняваўся, што Завадзкі сапраўды забіты. І пэрсанальна Бажэлка падпісаў запыт на імя Гэнэральнага пракурора Расеі Ўсьцінава. Ён прасіў даць тэхніку, прызначаную для адшуканьня трупаў у зямлі, а таксама адмыслоўцаў, таму што ў Беларусі на той момант такой тэхнікі не было. Няма яе й цяпер. Гэты ліст быў адпраўлены, па-мойму, або 21, або 22 лістапада. Пасьля гэтага, 27 лістапада ўказам прэзыдэнта Лукашэнкі здымаецца з пасады гэнпракурор, міністар культуры і старшыня КГБ, а на наступны дзень ужо накіроўваецца новая папера на ймя Ўсьцінава. У ёй паведамляецца, што патрэба правядзеньня працы адшуканьня трупаў у зямлі адпала”.
[...]
“Я, былы сьледчы пракуратуры Алег Анатолевіч Случэк, маю інфармацыю пра наступнае.
Пасьля рэфэрэндуму 1996 году сакратаром Савету Бясьпекі РБ Шэйманам было дадзенае даручэньне галоўнаму камандзіру ўнутраных войскаў Сівакову стварыць каманду, якая магла б выконваць якія заўгодна даручэньні, аж да забойства. Сівакоў даручыў свайму падначаленаму афіцэру брыгады спэцыяльнага прызначэньня ўнутраных войскаў Дзьмітрыю Паўлючэнку падабраць людзей для выкананьня спэцапэрацыяў.
Была створаная група, у якую ў розны час ўваходзілі зьвінавачаныя цяпер паводле крымінальнай справы пра забойствы і выкраданьні людзей – Ігнатовіч, Гуз, Малік, Савушкін, а таксама 5-6 асобаў, невядомых сьледству. Групу ўзначаліў Паўлючэнка. Гэтай групе было загадана адпрацаваць схэму выкраданьня, забойства, а потым пахаваньня трупаў. Схэма мусіла выключаць магчымасьць адшуканьня трупаў. Фактычна гэта было заданьне распрацаваць схэму “ідэальнага забойства”, таму што калі няма трупа, няма й злачынства.
Пры забойствах для немагчымасьці апазнаньня ў выпадку калі труп будзе знойдзены, вырашылі ўжываць пісталет. Гэта быў пісталет, які немагчыма было апазнаць пазьней – гэта пісталет, якім у Рэспубліцы Беларусі прыводзяцца ў выкананьне сьмяротныя прысуды. Спосабам забойства абралі стрэл у галаву. Гэты пісталет выдаваўся Паўлючэнку на адзін-два дні, а пасьля выкананьня замовы пісталет вярталі на месца.
[...]
Пытаньне:
– Ці праўда, што людзі, якія вядуць сьледства ў справе дзейнасьці гэтай групы, паміраюць досыць дзіўнай сьмерцю?
Адказ:
– Са студзеня да сёньня пры дзіўных абставінах памерлі два опэрупаўнаважаныя крымінальнага вышуку, якія займаліся раскрыцьцём гэтых злачынстваў.
Пытаньне:
– Чаму яны памерлі?
Адказ:
– Сардэчны прыступ. Але да таго нічога не паказывала на магчымую сьмерць. Я лічу, што яны нешта даведаліся, і проста ўлады не хацелі, каб нешта выйшла навонкі. Іх падазравалі таксама ў супрацоўніцтве з прэсай, што яны “зьлівалі” інфармацыю.
Пытаньне:
– Адкуль атрыманая ўся гэтая інфармацыя?
Адказ:
– Гэтую інфармацыю мне перадалі дзейныя супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бясьпекі і пракуратуры. Як вы цяпер разумееце, яны зрабілі гэта з рызыкай ня толькі для кар’еры, але і для ўласнага жыцьця”.