Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ВЕДАЮЦЬ МЕНЧУКІ ПРА ВЫБАРЫ І КАНДЫДАТАЎ НА ПРЭЗЫДЭНТА?


Ганна Соусь, Менск

Навіна пра тое, што прэзыдэнцкія выбары прызначаныя на 9 верасьня, прагучала ўчора толькі прыкладна на дваццатай хвіліне вечаровага выпуску тэлевізійных навінаў дзяржаўнага тэлебачаньня — сярод другарадных навінаў.

Сёньня ж дзяржаўныя газэты надрукавалі толькі сьціслыя паведамленьні аб прызначэньні выбараў і практычна без камэнтароў. Некаторыя выданьні, прыкладам, "Народная газета", нават не паставілі гэтую навіну на першую старонку.

А ці ведаюць шараговыя беларусы, калі адбудуцца прэзыдэнцкія выбары? З гэтым пытаньнем я зьвярнулася да мінакоў.

Яны адказвалі гэткае: "Недзе ў чэрвені", "У другой палове гэтага году...", "Здаецца ўвосень, у кастрычніку", "Сказалі, што абвесьцяць, я па радыё чула", "Прэзыдэнцкія выбары павінны адбыцца 9 верасьня. Пра гэтае ўжо "палатка", здаецца, прыняла пастанову".

Толькі чвэрць выпадковых апытаных ведалі дакладную дату выбараў. Тым ня менш, многія ведалі пра тое, хто будзе балятавацца кандыдатам у прэзыдэнты:

(Мінакі: ) "Чыгір, Машэрава..."

"Лукашэнка, гэта дакладна. Чула яшчэ пра кагосьці па тэлебачаньні, Прозьвішча не запомніла. Усё, больш кандыдатаў ня ведаю..."

"Здаецца, пяць кандыдатаў. Я ведаю, што генэрал Паўлоўскі будзе, гарадзенскі мэр балятуецца ды яшчэ два кандыдаты, былы прэм'ер-міністар, здаецца".

Адметна, што некаторыя баяліся назваць імёны кандыдатаў у прэзыдэнты, пыталіся: "Ці няма тут побач схаванай камэры?" і больш шчыра выказваліся, калі мікрафон быў ужо схаваны.

Ці будуць мець кандыдаты ў прэзыдэнты роўныя ўмовы ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі? На гэтае пытаньне амаль ўсе адказвалі практычна аднолькава — не, ня будуць. Гаворыць пэнсіянэрка Галіна:

(Галіна: ) "Не пускаюць іх на тэлебачаньне ды ў лукашэнкаўскіх газэтах друкавацца. Чамусьці ва ўсіх краінах апазыцыя мае пэўныя правы. Я лічу, што ў нас вельмі багата дасьведчаных людзей у апазыцыі, якія маглі б вывесьці нашую Беларусь з крызысу, у якім мы цяпер знаходзімся".

А вось меркаваньне Сяржука Сякеры.

(Сякера: ) "Улады выдатна разумеюць, што людзі за Лукашэнку галасаваць ня будуць. Каб застацца пры ўладзе, прыйдзецца рабіць фальсыфікацыі, заціскаць кандыдатаў, выліваць на іх розны бруд. І гэтае ўжо пачалося".

Зь ім згодны і малады хлапец Максім.

(Максім: ) "Зараз ужо ідзе актыўная прапаганда супраць дэмакратычных кандыдатаў. Кожная праграма Азаронка ці Зімоўскага — гэта вядро бруду".

Што да ўласнага выбару ў часе маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбараў, то многія менчукі яшчэ канчаткова не вызначаліся.

(Сякера: ) "Хутчэй за ўсё, я буду галасаваць за кагосьці з аб'яднанай апазыцыі, з гэтай пяцёркі. Таму што зараз рэальна кандыдата, які мог бы перамагчы ды аб'яднаць нацыю няма. Таму прыйдзецца галасаваць за таго, каго прапануюць".

А вось як мяркуе пэнсіянэр спадар Міхал.

(Міхал: ) "А хто яго ведае, Лукашэнка мусіць... Канечне, пайду галасаваць, хоць за каго. Трэба ж галасаваць. Пэнсію ж плацяць".

Спадарыня сярэдняга ўзросту Інэса кажа, што ня будзе галасаваць за Лукашэнку, але мяркуе, што ў яго яшчэ багата прыхільнікаў.

(Інэса: ) "Узяць сяло, вёску, яны ўсе за яго. Ён добры, пэнсію дабаўляе, заробкі падвышае. А так... усё горш і горш у нас становіцца жыць".

Адметна, што ў выснове пра тое, што жыць у Беларусі становіцца ўсё цяжэй, супалі меркаваньні амаль усіх маіх сёньняшніх суразмоўцаў — як прыхільнікаў, так і праціўнікаў Лукашэнкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG