Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЭЗЫДЭНЦКІЯ ВЫБАРЫ ПРЫЗНАЧЫЛІ НА 9 ВЕРАСЬНЯ


Валер Каліноўскі, Менск

"Палаце прадстаўнікоў" прапаноўвалі 4 праекты пастановы: афіцыйны, які распрацавала адмысловая дэпутацкая група, і аўтарскія — іх падрыхтавалі Генадзь Дылеўскі, Іван Пашкевіч, Вольга Абрамава.

Апошнія два (аўтарства Пашкевіча і Абрамавай) паводле высноваў Камісіі дзяржаўнага будаўніцтва не адпавядалі Канстытуцыі і дзейнаму заканадаўству. Іх рэзка крытыкавалі прадстаўнікі пралукашэнкаўскай большасьці. Аляксандар Шпілеўскі нават назваў Івана Пашкевіча "палітычнай прастытуткай". А Раман Ананьеў сказаў, што ён увогуле лічыць, што ня варта траціць грошы на выбары — лепш правесьці новы рэфэрэндум і падоўжыць паўнамоцтвы Аляксандра Лукашэнкі яшчэ на сем гадоў.

Тым ня менш, аўтарам альтэрнатыўных паправак далі магчымасьць выступіць. Праўда, Вольгі Абрамавай у залі не было — яна захварэла. Разумеючы, што большасьць не падтрымае ягонага праекту, Іван Пашкевіч настойваў на разглядзе сваіх прапановаў у якасьці паправак, але ягоныя меркаваньні праігнаравалі.

Дэпутаты адмовіліся нават галасаваць па артыкулах за асобныя пункты афіцыйна падрыхтаванага праекту, хаця некаторыя прапаноўвалі і іншую дату выбараў — 23 верасьня. Такім чынам, пастанова аб правядзеньні выбараў была ўхваленая ў цэлым 74 галасамі "за" пры 11 "супраць".

Акрамя прызначэньня даты выбараў на 9 верасьня, у пастанове можна адзначыць хіба што пункты аб праве дэпутатаў "палаты" кантраляваць выкананьне гэтага дакумэнту ды палажэньне аб роўных магчымасьцях для агітацыі кандыдатаў у дзяржаўных СМІ.

Кіраўнік камісіі дзяржаўнага будаўніцтва Міхаіл Сасонка, які прадстаўляў праект пастановы, зазначыў:

(Сасонка: ) "Пастанова рабочай група павінна адавядаць усім нормам дзейнага заканадаўства. А тое, што напісана ў праектах Пашкевіча й Абрамавай у асобных пунктах — гэта больш палітычная заява. Што ж датычыць дэмакратычнасьці й легітымнасьці будучых выбараў, то аб гэтым я гаварыць на сёньня не бяруся. Людзі самі выбіраюць".

Ягоны апанэнт Іван Пашкевіч лічыць, што прынятая пастанова не вырашае вострых супярэчнасьцяў, якія існуюць у грамадзтве вакол прэзыдэнцкіх выбараў ды ня ўлічвае ўнутрыпалітычнай сытуацыі й пазыцыі міжнароднай супольнасьці:

(Пашкевіч: ) "Дакумэнт не адпавядае дэмакратычным прынцыпам правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў, роўнасьці кандыдатаў і другім".

Іван Пашкевіч мяркуе, што трэба было прызначыць іншую дату, бо ў гэты час ня будзе на месцах студэнтаў, а таксама вайскоўцаў, што будуць браць удзел у манэўрах, абвешчаных А.Лукашэнкам.

Пасьля апублікаваньня пастановы аб правядзеньні выбараў прэзыдэнцкая перадвыбарчая кампанія стартуе афіцыйна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG