Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ ЛУКАШЭНКА КРЫЎДУЕ НА РАСЕЮ?


Віталь Цыганкоў, Менск

Удзельнікі: Віталь Цыганкоў, Валер Карбалевіч, Валер Каліноўскі

(Цыганкоў: ) "Гэтая "Экспэртыза" — пра цяперашні стан беларуска-расейскіх дачыненьняў. Нагода — паседжаньне парлямэнцкага сходу саюзу Беларусі й Расеі, што праходзіць у Горадні.

Як вядома, там выступіў Аляксандар Лукашэнка, які шмат гаварыў і пра саюзны бюджэт, і пра саюзныя праграмы, але найперш пра тое, што расейскі ўрад не падтрымлівае інтэграцыйных намераў, фактычна сабатуе многія рашэньні саюзнай дзяржавы. Пра гэта Лукашэнка гаварыў вельмі шмат і зь вялікай крыўдай.

Напачатку дамо слова Валеру Каліноўскаму, які зараз знаходзіцца ў Горадні. Валер, якое ўражаньне на журналістаў і дэпутатаў зрабіла прамова Лукашэнкі, што найперш адзначылі? Што кінулася ў вочы аглядальнікам і журналістам?"

(Каліноўскі: ) "Адрозна ад папярэдніх такіх сходаў журналістаў не дапусьцілі ў залю, дзе выступаў Лукашэнка — там былі толькі выбраныя. Таму мы маглі назіраць за прамовай толькі праз манітор.

Кінулася ў вочы, што Лукашэнка быў разгублены й вельмі крыўдаваў на расейскае кіраўніцтва. Акрамя таго, што журналістаў не дапусьцілі ў залю, вельмі часта мы ня мелі магчымасьці сесьці ў аўтобусы і паехаць па тых маршрутах, дзе езьдзілі расейскія дэпутаты — месцаў не хапала, аўтобусы спазьняліся, матэрыялаў сэсіі не было.

Усё гэта сьведчыць пра тое, што мерапрыемства арганізавалі дрэнна. Яно перажывае гэткі самы крызыс, як увесь гэты саюз, саюзная дзяржава".

(Цыганкоў: ) "Сапраўды, вы засьведчылі, што мерапрыемства было падрыхтавана ня вельмі добра. Але напэўна, сутнасьць гэтага сходу зводзілася да аднаго — да простай трансьляцыі прамовы Аляксандра Лукашэнкі, якая сёньня ішла па Беларускім тэлебачаньні. І гэтая трансьляцыя была падрыхтаваная вельмі добра — праўда, гэты раз расейскіх тэлеканалаў не выключалі.

Валер Карбалевіч, ці ў вас таксама склалася ўражаньне, што асноўнай тэмай прамовы Лукашэнкі была крыўда на Расею і імкненьне даказаць Расеі, што трэба паскараць інтэграцыю?"

(Карбалевіч: ) "У выступе Лукашэнкі не было нічога новага — але цікавыя расстаўленыя там акцэнты. Экспэрты зьвярталі ўвагу, што апошнія месяцы Лукашэнка рабіў большы акцэнт на сувэрэнітэт, а інтэграцыйная тэма была на пэрыфэрыі.

А вось у Горадні ён паказаў, што цьвёрда стаіць за ўзмацненьне інтэграцыйных працэсаў, за выбары ў парлямэнт саюзнай дзяржавы, за прыняцьце Кастытуцыйнага акту, за наданьне вялікіх паўнамоцтваў саюзным наднацыянальным органам.

Другая праблема, якую ўжо абазначыў Віталь, — гэта супярэчнасьці паміж Беларусьсю і Расеяй. На мінулым тыдні ў Менску быў Пуцін. БТ паказала вялікі сюжэт пра кантакты Лукашэнкі й Пуціна. Доўга гаварылі, што паміж прэзыдэнтамі амаль ідылія. А выступ Лукашэнкі ў Горадні быў напоўнены рэзкімі папрокамі й абвінавачаньнямі выканаўчай улады Расеі. Чаму ж Лукашэнка не сказаў пра гэта Пуціну?

Такое ўражаньне, што Лукашэнка паскардзіўся расейскім дэпутатам пра даўно набалелае, накіпелае — што Крэмль не рэагуе на ягоныя прэтэнзіі. Лукашэнка ніяк ня можа звыкнуцца з рэальнасьцю — Масква пачала жорстка, прагматычна, без ідэалягічных сантымэнтаў, без спасылак на "славянскае братэрства" адстойваць свае інтарэсы".

(Цыганкоў: ) "Адна рэмарка. Лукашэнка сапраўды вельмі востра крытыкуе расейскае кіраўніцтва, але найперш расейскі ўрад. Пры гэтым ён ані сёньня, ані ўвогуле ніколі не дапускае нейкіх крытычных заўвагаў на адрас Пуціна. Калі быў Ельцын, Лукашэнка гэта дазваляў сабе часам ("Мне 40, яму 80") — мы гэта добра памятаем.

Відаць, Лукашэнка разумее, што рэакцыя Пуціна можа быць больш жорсткай, чым рэакцыя ня вельмі маладога і ня вельмі жорсткага Ельцына".

(Карбалевіч: ) "У Беларусі перадвыбарчая сытуацыя і ад пазыцыі Пуціна залежыць моцна. Зараз у расейскай палітыцы ўзмацняюцца аўтарытарныя тэндэнцыі. Улада ўсё больш засяроджваецца ў рукох Пуціна, і Пуцін праводзіць гэткую палітыку дастаткова жорстка.

Калі пры Ельцыне ў Расеі было некалькі цэнтраў улады, і Лукашэнка мог апэляваць да Дзяржаўнай Думы, да апазыцыі, да расейскіх губэрнатараў, то зараз апэляваць проста няма да каго. Трэба мець дачыненьні толькі з Пуціным, больш ні з кім".

(Каліноўскі: ) "Што да выказваньняў Лукашэнкі пра Пуціна, то Лукашэнка заявіў, што Пуцін нашмат большы інтэгратар за Ельцына. Дэпутат расейскай Думы Чуркін спытаўся: хто ж канкрэтна вінаваты, што ўсе гэтыя праграмы блякуюцца ў Расеі, "назавіце нам прозьвішчы!" А Лукашэнка спыніўся і — не сказаў. Ён сказаў: "Я і так зашмат нагаварыў, я ня буду перад выбарамі больш нічога гаварыць, гэта можа мне нашкодзіць". Гэта амаль дакладная цытата.

Лукашэнка таксама папрасіў Селязьнёва, каб той сваім аўтарытэтам нейкім чынам паўплываў на Ўладзімера Пуціна. Таму відавочна, што апэляваньне да Пуціна хаця б праз дэпутатаў, празь Селязьнёва было найважнейшай мэтай ягонага сёньняшняга выступу".

(Цыганкоў: ) "Сапраўды, як адзначыў Валер Карбалевіч, даволі дзіўна выглядае: тыдзень таму Лукашэнка сустракаўся з Пуціным, нібыта пра ўсё дамовіліся, сяброўства найлепшае ў сьвеце, а тут Лукашэнка просіць Селязьнёва паўплываць на Пуціна…

Гаворачы пра тое, што галоўнай мішэньню Лукашэнкі стаў расейскі ўрад, я хачу зьвярнуць увагу на некаторыя моманты гэтай крытыкі.

Вось Лукашэнка гаворыць, што Расея аднавіла мытны кантроль на беларуска-расейскай мяжы і гэта ня толькі палітычная праблема, але "разбурэньне саюзу". Таксама Лукашэнка сказаў, што калі расейскі ўрад прыме акт аб лібэралізацыі зьнешняга гандлю, то гэта будзе "канец саюзу". Ён прывёў прыклад з праграмай "саюзны тэлевізар", якая моцна церпіць ад таго, што ўрад Расеі зьнізіў мыты.

Аднак усе гэтыя дзеяньні расейскага ўраду на карысьць расейскім спажыўцам! Зьніжэньне мытаў абазначае, што расейцы будуць купляць больш танныя японскія, карэйскія, заходнія тэлевізары. Тое, што расейскі ўрад лібэралізуе зьнешні гандаль, пойдзе на карысьць рэфармаваньню расейскай эканомікі.

Такім чынам, менавіта лібэралізацыя, рынкавыя крокі, якія робіць ці зьбіраецца рабіць расейскі ўрад становяцца галоўным ворагам Лукашэнкі. Гэтыя рынкавыя падыходы і крокі якраз і перашкаджаюць далейшаму эканамічнаму разьвіцьцю саюзу. Яны якраз і становяцца галоўным ворагам інтэграцыі.

Валер, што, на вашую думку, пераможа — лібэральная эканамічная палітыка ці палітычныя задачы перавысяць эканамічную мэтазгоднасьць у гэтым утварэньні, якое называецца беларуска-расейскі саюз?"

(Карбалевіч: ) "Зараз перад Расеяй стаіць вельмі важная задача — інтэграцыя ў міжнародную эканоміку. І зразумела, што гэтая праблема зьяўляецца прыярытэтнай. На гэтым фоне беларуска-расейскія дачыненьні адыходзяць на другі плян.

Відавочна, што стратэгічны курс Крамля — і ў эканамічных рэформах, і ў замежнапалітычных стасунках, супярэчыць той эканамічнай мадэлі, якая створаная ў Беларусі. Адмова Расеі ўвесьці ў стасунках зь Беларусьсю зьбіраньне падатку на дадатковую вартасьць паводле прынцыпу краіны прызначэньня даказвае, што такія супярэчнасьці не зьнікаюць".

(Каліноўскі: ) "Крызыс, які склаўся ў гэтым беларуска-расейскім саюзе, безумоўна, мае эканамічныя карані. Хаця гэта ня столькі з-за таго, што Расея ня мае гэтых 80 мільёнаў даляраў, каб аддаць іх у саюзны бюджэт, але й таму, што не супадаюць эканамічныя мадэлі.

Тым ня менш жаданьне Расеі працягваць сваю інтэграцыйную справу бярэ верх, прынамсі, у некаторых колах. І гэтыя колы былі прадстаўленыя сёньня ў Горадні. Каб неяк змікшаваць крызыс саюзнай ідэі, Генадзь Селязьнёў, напрыклад, вымушаны шукаць іншыя дарогі.

Па-мойму, гэтым выкліканае імкненьне далучыць да інтэграцыі Ўкраіну. Стварэньне міжпарлямэнцкай фракцыі "ЗУБР", пэўны ціск на Ўкраіну, каб яна хутчэй далучалася да саюзу. Але нават вельмі прарасейскі ўкраінскі палітык Аляксандар Ткачэнка, выступаючы ў Горадні, сказаў, што будучыня ягонай краіны, Расеі і Беларусі ў засваеньні рынкавай эканомікі і дэмакратычных каштоўнасьцяў. Ён не казаў пра зьліцьцё ў нейкую мітычную славянскую дзяржаву".

(Цыганкоў: ) "Дадам яшчэ, што новы прэм'ер Украіны Анатоль Кінах у Менску падчас саміту СНД заявіў журналістам, што шлях Украіны ён бачыць у інтэграцыі ў эўрапейскія структуры.

Што да беларуска-расейскай інтэграцыі, то нагадаю, што на другім "Усебеларускім сходзе" Аляксандар Лукашэнка вельмі канкрэтна даў зразумець, што ніякіх стратэгічным зьменаў у эканамічнай палітыцы ня будзе. Пры ім ня будзе. А гэта значыць, што збліжаць беларускую эканоміку з расейскай ён не зьбіраецца. Палітычныя і эканамічныя складнікі інтэграцыі будуць па-ранейшаму разыходзіцца і пярэчыць адно адному".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG