Дзьмітрыя Абадоўскага па-ранейшаму абвінавачваюць у крадзяжы прыватнай маёмасьці й згвалтаваньні дзяўчыны. Юнак не прызнае сваёй віны і кажа, што ён ёсьць ахвярай палітычнага перасьледу.
На пачатку суду грамадзкі абаронца вязьня Сяргей Абадоўскі нагадаў, што ягонага сына арыштавалі яшчэ ў ліпені 1999 году, аднак сьледчыя так і не змаглі прадставіць доказаў віны. Як стала вядома летась у верасьні, суд прызначыў дадатковае расьсьледаваньне, і з таго часу сьледзтва зацягнулася на нявызначаны тэрмін. За гэты час справа вырасла да 8 тамоў.
У пачатку працэса грамадзкія абаронцы выказалі надзею на тое, што будзе ўрэшце канчатковае рашэньне. Бадай, за ўсю гісторыю справы Дзьмітрыя Абадоўскага суд вырашыў зрабіць паседжаньне суда закрытым. Туды не пусьцілі праваабаронцаў, журналістаў і нават прадстаўніцу Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ Надзею Дудараву.
На знак пратэсту Сяргей Абадоўскі запатрабаваў адводу судзьдзі, аднак ягоную прапанову адхілілі. Таму суд ідзе за зачыненымі дзьвярыма. Грамадзкія абаронцы патрабуюць зьмяніць меру стрыманьня, неадкладна вызваліць вязьня з-пад варты.
Сяргей Абадоўскі нагадаў, што 12 красавіка скончыліся прызначаныя намесьнікам генэральнага пракурора 12 месяцаў утрыманьня Дзьмітрыя пад вартай. Турбуе яго і здароўе сына. Як вядома, змагаючыся за свае правы, вязень ня раз ішоў на галадоўку.