Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЙСКІЯ АЛІГАРХІ ІМКНУЦЦА СКАРЫСТАЦЬ ПЕРАДВЫБАРЧУЮ СЫТУАЦЫЮ Ў БЕЛАРУСІ Ў СВАІХ ІНТАРЭСАХ


Міхал Стэльмак, Менск

Паводле добра інфармаваных крыніцаў, Масква напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў склала сьпіс 150-ці найбольш пэрспэктыўных прадпрыемстваў Беларусі, якія б Расея жадала кантраляваць.

Дзеля гэтага могуць быць скарыстаныя розныя мадэлі. Адну з такіх мадэляў ужо рэалізуе хольдынг "Сібірскі алюміній". Напрыканцы траўня "Сібал", які ўзначальвае вядомы расейскі алігарх Алег Дзерыпаска, завалодаў значным пакетам акцыяў кампаніі "Аўтадызэль" — партнэра Менскага аўтазаводу. Вось як пракамэнтаваў гэтую падзею нашаму радыё прадстаўнік фірмы "Белрусаўта" Ігар Аверкіеў:

(Аверкіеў: ) "На сёньняшні дзень "Аўтадызэль" пастаўляе Менскаму аўтазаводу маторы. Гэта відавочны рычаг кіраваньня МАЗам. Замены "аўтадызэлеўскаму" матору няма. Усе праекты МАЗа, напрыклад, зь нямецкім МАНам не атрымалі пэрспэктывы, паколькі аўтамабілі атрымліваюцца дарагія. Таму, магчыма, будзе прынятае рашэньне пра акцыянаваньне Менскага аўтазаводу".

Сапраўды, у МАЗа ня будзе іншага выйсьця, калі Алег Дзерыпаска будзе настойваць на прыватызацыі прадпрыемства. І перашкодзіць такому працэсу, лічаць экспэрты, ня здольны нават Аляксандар Лукашэнка.

Яшчэ адзін варыянт падпарадкаваньня беларускіх прадпрыемстваў расейскаму капіталу быў апрабаваны ў Барысаве на заводзе аўтатрактарнага абсталяваньня — БАТЭ.

Гэты варыянт прадугледжвае замену кіраўнікоў, якія арыентаваныя на нацыянальныя і дэмакратычныя каштоўнасьці. Ахвярай такой тактыкі стаў былы дырэктар БАТЭ — дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Мікалай Бусел.

(Бусел: ) "Каб набыць акцыі БАТЭ, варта рыхтаваць БАТЭ да гэтага. Але аднаго разу яны ўжо паспрабавалі — абвесьцілі банкруцтва заводу. Бо яны ня хочуць купляць за рэальныя грошы. Зараз статутны капітал БАТЭ складае 10 мільёнаў даляраў. Але яны ня хочуць плаціць за завод нават 10 мільёнаў. Між тым, сапраўдная вартасьць заводу складае як найменш 450 мільёнаў даляраў", — зазначыў былы дырэктар БАТЭ Мікалай Бусел.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG