Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШАПІКІ “БЕЛСАЮЗДРУКУ” ХАВАЮЦЬ АД ПАКУПНІКОЎ НЕКАТОРЫЯ НЕЗАЛЕЖНЫЯ ВЫДАНЬНІ


Ганна Соусь, Менск

Малады Фронт наладзіў адмысловы рэйд па менскіх шапіках, каб высьветліць, ці не хаваюць у іх ад пакупнікоў незалежныя выданьні.

Гэтая акцыя праводзілася на замову газэты "Беларуская маладзёжная". Паводле зьвестак рэдактаркі газэты Тацяны Мельнічук, апошні месяц сьпісаньне газэты перавысіла палову накладу. Яна мяркуе, што газэта проста не даходзіла да чытача, бо яе хавалі ў шапіках, а потым сьпісвалі ў макулятуру.

Нагадаю, што падобнае адбывалася паўгода таму, але пасьля таго, як Малады Фронт пачаў правяраць у шапіках наяўнасьць газэты, сытуацыя выправілася. А цяпер паўтарылася зноў.

(Севярынец: ) "Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў такія апасеньні нам выказалі ня толькі супрацоўнікі "Беларускай маладзёжнай". Зьявіліся зьвесткі пра тое, што хаваюць газэты "День", "Пагоня" й "Згода".

Мы правялі рэйд па больш як 100 шапіках ва ўсіх раёнах Менску і высьвятлілі, што, нягледзячы на тое, што гэта сталіца, усё, здавалася б навідавоку, газэты сапраўды хаваюць пад прылавак, закладаюць на заднюю сьценку. І калі хтосьці пытаецца: "Ці ёсьць у вас такая газэта?" ненавязьліва, ненастойліва, адзін раз, то адказваюць: "Здаецца, не". Пасьля гэтага газэта накіроўваецца ў макулятуру".

Паводле Паўла Севярынца найгоршая сытуацыя зь незалежнымі выданьнямі цяпер у Цэнтральным раёне Менску — там больш за палову шапікаў хаваюць хаця б адну з названых газэтаў. Крыху лепшыя ўмовы ў Ленінскім раёне, там гэта адбываецца толькі ў чвэрці газэтных кіёскаў.

Маладафронтаўцы склалі сьпіс такіх шапікаў. Прыкладам, у 108 менскім шапіку прыхоўваюць газэту "Згода". Сьпіс хутка будзе надрукаваны ў газэту "Беларуская маладзёжная".

Чаму хаваюць менавіта такія выданьні як "Беларуская маладзёжная", "Пагоня", "Згода", "День", а не буйныя апазыцыйныя газэты — прыкладам, "Народную волю", "Нашу свабоду", "БДГ" ды іншыя?

(Севярынец: ) "Калі самі гандляры шапікаў бачаць, што "Народную волю", "Нашу свабоду" заўсёды патрабуюць і раскупаюць, то іх бессэнсоўна хаваць, а такія газэты, што прапануюцца на выбар — рэгіянальная "Пагоня" альбо спэцыфічна моладзевая "Беларуская маладзёжная", то там ёсьць магчымасьць схімічыць.

Як паказвае досьвед "Беларускай маладзёжнай", гэта можа быць вельмі згубна для незалежнай прэсы. Я не выключаю, што бліжэй да выбараў многія газэты такі лёс могуць паўтарыць".

Павал Севярынец называе прыхоўваньне газэтаў "ціхай працай рэжыму перад выбарамі" і не выключае, што з гэтай нагоды Малады Фронт зьвернецца ў "Белсаюздрук", а потым у суд ці ў пракуратуру.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG