Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ДЗЕНЬ АХОВЫ НАВАКОЛЬНАГА АСЯРОДЗЬДЗЯ НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ ПРА РАДЫЯЦЫЮ І НЯ ЎСПОМНІЛІ


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Пра радыяцыйнае забруджаньне гомельскага рэгіёну афіцыйныя структуры згадваюць хіба толькі ў чарговую гадавіну Чарнобыльскай катастрофы. Між тым, на Гомельшчыне ляжыць 66% усіх радыеактыўных выкідаў, што прыйшліся на Беларусь пасьля выбуху на атамнай станцыі.

У зоне забруджаньня і зараз жыве тры чвэрці насельніцтва рэгіёну — ледзь не паўтара мільёна жыхароў.

На радыеактыўных землях людзі па-ранейшаму сеюць жыта, бульбу, гародніну, спажываюць няякаснае малако і мяса. Прычым , ня толькі там, дзе ўзровень забруджаньня мінімальны — 1–5 кюры. 74 калгасы і саўгасы рэгіёну аруць, сеюць і жнуць на землях, дзе забруджаньне перавышае 15 кюры на квадратны кілямэтар.

Вынік такога гаспадараньня бачны напрыканцы кожнага году. Напрыклад, летась у Хоніцкім раёне 90% збожжа аказалася непрыдатным на харчы — утрыманьне стронцыя перавышала нават лагодныя беларускія нормы.

Усяго ж, па зьвестках аблсельгасхарчу, звыш 18 тысяч тон збожжа забракавалі на хлебапрыёмных пунктах з-за высокага ўтрыманьня радыёнуклідаў. Пра забруджанае збожжа на фураж ніхто й гаворкі не вядзе. Зрэшты, як і пра сена. Тэхналёгія скарыстаньня адпрацаваная. Распавядае галоўны спэцыяліст аблсельгасхарчу Мікалай Ігнаценка:

(Ігнаценка: ) "Давайце будзем глядзець рэальна. Поле стаіць, мы яго ведаем не адзін дзясятак гадоў. Нават калі атрыманае сена будзе ў гэтым годзе больш бруднае — ну і што? Будзем перамешваць яго з больш чыстым кормам — і даваць жывёле".

Пра больш актыўнае асваеньне забруджаных тэрыторыяў казаў сёлета ў красавіку і Аляксандар Лукашэнка, калі быў у радыяцыйна-экалягічным запаведніку ў Бабчыне. А на нарадзе ў абласным цэнтры ён наогул заявіў, што ня трэба выдаткоўваць сродкі на будаўніцтва жыльля ў чыстых зонах. Калі хто хоча перасяляцца, няхай перасяляецца на цэнтральныя сядзібы забруджаных гаспадарак, дзе людзей даўно бракуе.

Гэта і дае падставу меркаваць, што больш як 4 000 сем'яў, якія маюць у рэгіёне права на адсяленьне, хутчэй за ўсё ніколі ўжо не пакінуць сваіх забруджаных радыяцыяй вёсак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG