Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАРАДЗЕНЦЫ СУСТРЭЛІ ДЭПУТАТАЎ САЮЗНАГА ПАРЛЯМЭНЦКАГА СХОДУ ВЫГУКАМІ “ГАНЬБА!”


Сяргей Астраўцоў, Горадня

З самае раніцы ў горадзе на двух мастах зьявіліся бел-чырвона-белыя сьцягі. Яны луналі прыблізна па поўгадзіны.

У 14 гадзін на чыгуначным вакзале група моладзі, шыхавалася, трымаючы ў руках партрэты вядомых асобаў: генэрала Захаранкі, Ганчара, Красоўскага, Завадзкага, а таксама Генадзя Карпенкі і Андрэя Клімава. Партрэт Крпенкі трымаў Тадэвуш Гавін. Зьявілася міліцыя і сам начальнік ленінскага РАУС палкоўнік Васілеўскі, які быў у цывільным. Ён пачаў намаўляць, каб удзельнікі пікету разышліся, а Тадэвуш Гавін у адказ стаў вінаваціць яго, што міліцыянтаў не цікавіць нават лёс іх былога міністра. Тадэвуша Гавіна затрымалі, складзены пратакол, заўтра адбудзецца суд. Пікет пратрымаўся 45 хвілін. Яго арганізавала філія АГП.

Каля 15 гадзін перад гарвыканкамам сабралася чалавек 150. Яны чакалі, калі выйдуць расейскія і беларускія дэпутаты. Тут была дэмакратычна настроеная публіка, а таксама вялікая колькасьць супрацоўнікаў міліцыі і КГБ. З будынка напачатку выйшаў дэпутат украінскага парлямэнту, з камуністычнай фракцыі, які таксама прыехаў у Горадню. Ён пачаў спрачацца з гарадзенцамі. Праз поўгадзіны на ганку зьявіліся члены парлямэнцкага сходу. Публіка папросту выбухнула выгукамі “Інтэграстам – ганьба!”, “Ганьба!” “Незалежнасьць!”. Гэтак працягвалася хвілін шэсьць. Людзі ў цывільным і ў форме марна спрабавалі спыніць акцыю. Калі аўтобусы з дэпутатамі ад’ехалі, палкоўнік зь міліцыі скамандаваў: “Хто за Луку – у гэты бок, хто супраць – у той”. Усіх падзялілі на дзьве часткі, і людзі пачалі хутка разыходзіцца.

Пасьля гэтага з будынка спакойна выйшаў старшыня расейскай Думы Генадзь Селязьнёў, сеў у машыну, і картэж рэзка рушыў зь месца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG