Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЕРШЫ СОЛЬНЫ АЛЬБОМ АРГАНІСТА, ЯКІ СЬПЯВАЕ


Юрась Барысевіч, Менск

У Нацыянальнай бібліятэцы адкрылася выстава старадаўніх мапаў Вялікага Княства Літоўскага з калекцыі Віленскага ўнівэрсытэту. Найстарэйшая з 13 мапаў, складзеная грэцкім географам Пталемэем, датуецца ІІ стагодзьдзем нашай эры. Тамсама можна пабачыць найстарэйшы плян Вільні XVI стагодзьдзя. Побач выстаўляюцца найлепшыя літоўскія альбомы й кнігі апошніх пяці гадоў.

Фірма BULBA RECORDS выпусьціла ў сэрыі “Музыка каталіцкай Беларусі” магнітаальбом Валер'я Шмата “Праз крыж — да сьвятла”. Арганіст менскага касьцёлу Сьвятых Сымона й Алены, Валеры Шматаў сам напісаў музыку й частку тэкстаў альбому, якія гучаць па-беларуску, па-польску й на латыні. Адна зь песень выконваецца па-нямецку й па-руску. Магчыма, гэта першы ва ўсясьветнай музыцы альбом сьпяваючага арганіста.

Інстытут Гётэ ладзіць у кінатэатры “Перамога” паказы сямі анімацыйных фільмаў кінаклясыка Лоты Райнігер. 4 чэрвеня будзе паказаны і першы ў сьвеце паўнамэтражны мультфільм “Прыгоды прынца Ахмэда”, які Лота Райнігер зьняла ў сярэдзіне 1920-х гадоў — раней за стужкі Дыснэя. Кінапраграма мае назоў “Гульня ценяў”, бо Райнігер скарыстоўвала ў сваіх фільмах ценявы тэатар.

Беларуская рэдакцыя Польскага радыё выпусьціла аўдыёкасэту з запісам найлепшых перадачаў апошніх гадоў “Гаворыць Варшава”. Апроч музыкі й маналёгаў вядомых палітыкаў, у тым ліку Вінцука Вячоркі й Станіслава Шушкевіча, у альбоме гучаць галасы знаных дзеячаў культуры: Адама Мальдзіса, Сакрата Яновіча, Ежы Гедройця, айца Аляксандра Надсана. Пісьменьнік і палітык Анатоль Сідарэвіч дае адказы на пытаньне “Чым адрозьніваецца беларус ад расейца?”

Вядомы скульптар Уладзімер Слабодчыкаў выканаў помнік найбуйнейшаму менскаму мастаку ХІХ стагодзьдзя Валенцію Ваньковічу, які памёр на эміграцыі ў Парыжы. Прадстаўнік рамантызму, Ваньковіч напісаў партрэты многіх славутых сучасьнікаў: Міцкевіча, Манюшкі, Пушкіна. Помнік мастаку будзе ўсталяваны ля дома ў Верхнім горадзе, дзе год таму адкрыўся музэй Ваньковіча.

Беларускі калегіюм завершыў навучальны год прэзэнтацыяй новай кнігі філёзафа й паэта Ігара Бабкова “Адам Клакоцкі і ягоныя цені”. Паводле Бабкова, гэта першая беларуская кніга, выданьне якой фундавалі самі чытачы. Гэта, бадай, і першы ў айчыннай літаратуры постмадэрнісцкі раман. Кніга пра асьветніка й энцыкляпэдыста Адама Клакоцкага выйшла ў выдавецтве “Беларускі Архіў Сноў”. Дзяржаўнае гэта выдавецтва альбо прыватнае, Бабкоў патлумачыць ня здолеў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG