Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЛОВАЎ ПАДТРЫМКІ ЛУКАШЭНКУ ПЕРАД ВЫБАРАМІ НА МЕНСКІМ САМІЦЕ НЯ ВЫКАЗАЛІ


Юры Сьвірко, Менск

Прэсавую канфэрэнцыю ў Палацы Рэспублікі на Кастрычніцкай плошчы давалі толькі 10 кіраўнікоў дзяржаваў СНД — не было прэзыдэнта Туркмэністану, які ўвогуле ў Менск не прыехаў, і кіраўніка Таджыкістану, які зьехаў раней.

Гаспадаром імпрэзы быў расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін, якога Аляксандар Лукашэнка назваў сёньня "старшынём". Першае пытаньне задавала карэспандэнтка Беларускага тэлебачаньня — наконт 10 гадоў існаваньня СНД. Гэта было першае ды апошняе пытаньне, адрасаванае Аляксандру Лукашэнку. Аднак спадар Пуцін БТ не глядзіць і таму гэтага не зразумеў:

(Пуцін: ) "Пытаньне каму? Усім запар?"

(Карэспандэнтка: ) "І да Вас, і да прэзыдэнта Беларусі".

(Пуцін: ) "Вы ведаеце, маё стаўленьне да гэтай справы гэткае. Калі СНД стваралася як арганізацыя, дык у шмат каго было адчуваньне, што яна мусіць замяніць былы Савецкі Саюз. І гэтыя чаканьні, вядома, ня спраўдзіліся. Але мушу вам сказаць, што гэта было й немагчыма".

Уладзімер Пуцін дадаў, што ідэальных арганізацыяў увогуле няма. "А дзе няма супярэчнасьцяў?" — рытарычна запытаў прэзыдэнт Расеі.

Пасьля гэтага адразу пайшлі пытаньні пра супярэчнасьці. Спадара Пуціна спыталі, ці ня супярэчыць СНД узмоцненае ўчора ЭўрАзЭС — Эўразійская эканамічная супольнасць 5 дзяржаваў (Расеі, Беларусі, Казахстану, Кыргыстану й Таджыкістану) ды ГУУАМ (Грузія, Украіна, Узбэкістан, Азэрбайджан, Малдова).

Прэзыдэнт Расеі адказаў гэтак: ня толькі не супярэчыць, але й дапаўняе СНД.

Прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў казаў пра барацьбу зь міжнародным тэрарызмам, дзеля чаго ў Цэнтральнай Азіі ствараюцца калектыўныя сілы хуткага рэагаваньня, якія, паводле Назарбаева, будуць выкарыстоўвацца толькі для адказу на вонкавыя пагрозы.

Грузінскі прэзыдэнт Эдуард Шэварднадзэ шмат казаў пра візавы рэжым ягонае краіны з Расеяй, які сёньня так і ня быў скасаваны, насуперак некаторым прагнозам.

Новы прэзыдэнт Малдовы камуніст Уладзімер Варонін паведаміў, што ўсе маюць нейкі саюзны "генэтычны код". А лідэр Азэрбайджану Гейдар Аліеў заявіў, што 20 адсоткаў тэрыторыі ягонае дзяржавы акупаваныя армянскімі войскамі.

Прэзыдэнту Армэніі Робэрту Качарану, які сядзеў за адным сталом з Аліевым, пытаньня не задалі й слова ня далі.

Наступны — юбілейны — саміт адбудзецца ў Маскве, дзе й будуць сьвяткаваць 10-годзьдзе Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў. Лягічна было б ладзіць сьвяткаваньні бліжэй да Белавескае пушчы, месца нараджэньня СНД, аднак удзельнікі сёньняшняга саміту, відаць, улічылі той чыньнік, што ў верасьні ў Беларусі пройдуць прэзыдэнцкія выбары.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG