Актывісты-“зубры” Зьміцер Фядорчанка і Сяргей Падзолак проста на прыступках будынку Барысаўскага гарвыканкаму сталі пікетам, трымаючы ў руках лёзунгі “Дзеці наша будучыня”, “Паводле дадзеных на 1999 год 250 дзяцей заражаныя гепатытам В і С. А колькі хворых на гепатыт сёньня?”
Яшчэ адзін “зубар”, які нікому не назваў свайго імя, вельмі хутка на асфальце перад выканкамаўскім ганкамі намаляваў белай фарбай мэтровымі літарамі заклік, адрасаваны да галоўнага вэртыкальшчыка Барысава – “Бургун, рукі прэч ад дзяцей!”. Аўтар вокамгненна зьнік.
Як патлумачыў Радыё Свабода адзін з кіраўнікоў філіі тутэйшай арганізацыі “Зубар”, які па вядомых прычынах не назваў свайго імя, сёньня мэдычная галіна Барысаве надзвычай хворая на карупцыю, пакутуе ад фінансавай беднасьці і непрафэсіяналізму. Лячыць там дзяцей стала небясьпечна. Міліцыя ж, якая час ад часу заводзіць крымінальныя справы супраць мэдыкаў, таксама змушаная іх закрываць пад ціскам гарадзкога начальства. Як такое, напрыклад, здарылася гэтай зімой.
Пікет “Зубра” пратрымаўся 15 хвілінаў, пасьля чаго міліцыянты затрымалі яго ўдзельнікаў. Аднак пасьля ад’езду варанка з затрыманымі ў пастарунак, на ганак выканкаму з плякатамі, якія заклікалі бараніць Беларусь і беларускіх дзяцей, выйшлі сяброўка “Зубра” 15-гадовая Тацяна Ясюк і яе маці Алеся Ясюк. Яны прастаялі больш за 15 хвілінаў, а пасьля іх таксама забралі міліцыянты ў пастарунак ГРАУСу, дзе на ўсіх дарослых удзельнікаў склалі пратаколы, а з Тацяны Ясюк узялі тлумачальную. Пасьля трох гадзінаў у пастарунку затрыманых адпусьцілі.