Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ІТЭРА” КУПЛЯЕ ГОМЕЛЬСКІ АЛМАЗАПЕРАПРАЦОЎЧЫ ЗАВОД “КРЫШТАЛЬ”


Міхал Стэльмак, Гомель

Сёньня прадстаўнікі "Крышталю" пацьвердзілі нашаму Радыё інфармацыю пра тое, што адчуваюць ціск з боку тых, хто мае намер завалодаць прадпрыемствам. Гаворыць генэральны дырэктар заводу Аляксандар Старавойтаў:

(Старавойтаў: ) "Я перакананы, што той, хто прыглядаецца, мае рацыю. Таму што выбіраюць тых, з кім можна "зварыць кашу". З намі – беларускімі алмазаперапрацоўшчыкамі – кашу зварыць можна. Бо наш экспарт у далёкае замежжа складае 98,4 адсоткі".

Паводле словаў Старавойтава, "Крышталь" – унікальнае для Беларусі прадпрыемства з выдатнымі пэрспэктывамі. У прыватнасьці, вялікім попытам карыстаецца прадукцыя нядаўна ўведзенага пад яго дахам заводу "Ювелір". Яшчэ ў сярэдзіне 90-х гомельскае алмазаперапрацоўчае прадпрыемства было ўнесенае ў сьпіс прадпрыемстваў, якія ўяўляюць асаблівую каштоўнасьць для нацыянальнай эканомікі.

З гэтай прычыны разьдзяржаўленьне "Крышталю", як зазначыў яго генэральны дэрэктар, на сёньняшні дзень забароненае законам. Аднак гэты статус у хуткім часе можа зьмяніцца. Актыўнае жаданьне набыць "Крышталь" ва ўласнасьць выявіла вядомая нафтагазавая кампанія "Ітэра", якая мае прывілеяванае становішча на беларускім рынку. Яно сталася вынікам цесных асабістых стасункаў кіраўніка "Ітэры" Ігара Макарава з Аляксандрам Лукашэнкам. Як вядома, Лукашэнка некалькі месяцаў таму ўзнагародзіў Макарава ордэнам Францыска Скарыны. А спадар Макараў на так званым Усебеларускім народным сходзе паабяцаў прыцягнуць у краіну 200 мільёнаў даляраў інвэстыцыяў.

Паводле зьвестак прадстаўнікоў гомельскага прадпрыемства, "Ітэра" заявіла пра сваё жаданьне набыць прадпрыемства без усялякіх папярэдніх перамоваў з працоўным калектывам. Гэтая кампанія не прадаставіла "Крышталю" ніякага бізнэс-праекту. Гаворыць галоўны эканаміст вытворчага аб'яднаньня Руслан Саракавы:

(Саракавы: ) "Якой будзе палітыка ў новых гаспадароў альбо частковых уласьнікаў? Ня маючы бізнэс-праекту, мы ня можам выказаць сваё стаўленьне. Бо мы ня ведаем, што атрымае працоўны калектыў. А мы хацелі б ведаць, у якіх накірунках будзе разьвівацца прадпрыемства альбо будзе згортваць сваю дзейнасць?"— задае рытарычныя пытаньні адзін з кіраўнікоў "Крышталю" Руслан Саракавы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG