Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВЫ ПРЭМ’ЕР УКРАІНЫ ЗАКЛІКАЎ БЕЛАРУСКІ ЎРАД ВЕСЬЦІ ПРАБЕЛАРУСКУЮ ПАЛІТЫКУ


Валер Каліноўскі, Менск

Цэнтральныя праспэкты Менску ўпрыгожаныя сьвяточнымі гірляндамі. Сталіца Беларусі сустракае прэзыдэнтаў краінаў СНД. Гірлянды зіхцелі нават над станцыяй мэтро “Няміга” ў дзень другой гадавіны трагедыі, падчас якой у пераходзе загінулі 53 чалавекі…

Разам з тым у Менску арганізаваныя дадатковыя меры бясьпекі, па трасе ў аэрапорт Менск-2 былі расстаўленыя снайпэры. Нягледзячы на вялікую арганізацыйную працу, нейкіх значных вынікаў гэты саміт пакуль не прынес. Але парадак дня гэтага саміту СНД ніякіх прарываў у Садружнасьці і не прадугледжваў: лідэры краінаў СНД падрыхтавалі звароты ў сувязі з 60-мі ўгодкамі пачатку Вялікай айчыннай вайны, да 15-годзьдзя чарнобыльскай трагедыі, кіраўнікі ўрадаў падпісалі пагаденьні аб разьвіцьці супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, культуры, аб супольным фондзе дапамогі ўцекачам ды іншыя. Як паведаміў пасьля паседжаньня Савету кіраўнікоў урадаў СНД расейскі прэм’ер Міхаіл Касьянаў, пытаньне пра праграму вайсковага супрацоўніцтва на бліжэйшыя гады і пра ўмовы абароту тэхналёгіяў і тавараў падвойнага прызначэньня перанесенае на наступнае паседжаньне.

Куды большую цікавасьць на гэтым фоне ўяўляла сёньняшняя сустрэча так званай Каўкаскай чацьвёркі – лідэраў Азэрбайджану, Армэніі, Грузіі і Расеі ў справе ўрэгуляваньня Карабахскага крызысу. Прэзыдэнты Армэніі і Азэрбайджану нядаўна адмовіліся ад ужо заплянаванай сустрэчы ў Жэнэве і выбралі сабе ў якасьці пасярэдніка расейскага прэзыдэнта. Паводле словаў расейскага міністра замежных справаў, ягоная краіна жадае далучыцца да ўрэгуляваньня складанага карабахскага крызысу ў кантэксьце вырашэньня іншых праблемаў Каўказу. Уладзімер Пуцін праводзіў перамовы спачатку па чарзе з кожным з прэзыдэнтаў варагуючых дасюль Армэніі і Азэрбайджану, потым магчымыя кампрамісы шукаліся кіраўнікамі ўжо трох краін, пазьней да тройкі далучыўся Эдуард Шэварнадзэ. Перамовы зацягнуліся да позьняга вечара. Прэзыдэнт Азэрбайджану ўскладае на гэтае пасярэдніцтва Ўладзімера Пуціна пэўныя спадзяваньні.

Гаворыць Гейдар Аліеў:

(Аліеў: ) “Кожная сустрэча прызначаная, каб дабіцца нейкіх вынікаў. Пасярэдніцтва Пуціна для нас вельмі добрае, вельмі прымальнае”.

Гейдар Аліеў пры гэтым выглядаў як моцна хворы чалавек…

Тым часам зь першай замежнай паездкай у Менск сёньня прыбыў новы прэм’ер Украіны Анатоль Кінах. Ён замяніў на пасадзе выразна празаходняга палітыка Вікара Юшчанку. Але Сам Кінах ня лічыць сябе больш праўсходнім, прарасейскім кіраўніком ураду:

(Кінах: ) “Урад Украіны, які мне даверыла ачоліць украінская дзяржава ў асобе прэзыдэнта і парлямэнта Ўкраіны, будзе праводзіць у першую чаргу праўкраінскую палітыку. Я таксама хацеў бы, каб беларускі ўрад праводзіў прабеларускую палітыку, абараняючы інтарэсы сваёй эканомікі і свайго народу”.

Анатоль Кінах зазначыў, што ня трэба палітызаваць пытаньні эканамічнага супрацоўніцтва былых савецкіх рэспублік. Супрацоўніцтва паміж імі можа існаваць толькі на адназначным разуменьні незваротнасьці незалежнасьці гэтых дзяржаваў і без палітычнай кан’юнктуры, сказаў ён. Вось што адказаў Анатоль Кінах на пытаньне аб ягонай ацэнцы руху па далучэньні Ўкраіны да Саюзу Беларусі і Расеі

(Кінах: ) “Альтэрнатывы інтэграцыі эканомікі Ўкріаны і эканомікі Беларусі ў эўрапейскія эканамічныя сыстэмы няма”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG