Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СВАЯКІ ЗАВАДЗКАГА АЗНАЁМІЛІСЯ З МАТЭРЫЯЛАМІ КРЫМІНАЛЬНАЙ СПРАВЫ


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня адвакатка Вера Страмкоўская запрасіла да сябе ў офіс журналістаў — паслухаць знаёмую былога спэцназаўца Валер'я Ігнатовіча, Алу Каралёву. Валер Ігнатовіч абвінавачваецца ў выкраданьні Зьмітра Завадзкага.

Жанчына на пытаньні адказвала вельмі блытана, а часам ухілялася ад адказаў. Так што нічога новага журналісты ў справе свайго калегі не даведаліся. На сустрэчы былі маці й жонка Зьмітра Завадзкага, а таксама жонкі Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

Сьвятлана Завадзкая ня ўпэўненая ў тым, што Валеры Ігнатовіч мае дачыненьне да выкраданьня ейнага мужа. Паколькі раней у пракуратуры Сьвятлана дала падпіску пра нераскрыцьцё тайны сьледзтва, яна ня мае права паведаміць пра акалічнасьці справы, але можа выказваць свае меркаваньні. Гаворыць Сьвятлана Завадзкая:

(Завадзкая: ) "Нам раней казалі, што як пачнем чытаць справу, то адразу пераканаемся, што менавіта Ігнатовіч са сваёй бандай выкраў Зьмітра. Вось мы прагледзелі справу, і цяпер я зусім ня ўпэўненая, што Ігнатовіч мае нейкае дачыненьне да выкраданьня майго мужа.

З матэрыялаў справы і з характарыстык Ігнатовіча відаць: гэты чалавек ня мог так усё падрабязна сплянаваць. Мы казалі сьледчаму, што тут прасочваецца нейкая "замова". Мы спыталіся — чаму ня высьветлілі, хто аддаваў загады гэтым людзям. У адказ сьледчыя толькі ўсьміхаюцца.

Па ўсім відаць, яны ўсё разумеюць, але гэтая тэма закрытая. Зьміцер ня знойдзены. Дзе ён? Сьледчыя ня ведаюць. Сам Ігнатовіч і ягоныя хаўрусьнікі маўчаць зь першага дня. Яны так сябе паводзілі, калі іх яшчэ раней затрымлівалі ў Краснадары.

Такое ўражаньне, што яны альбо дамовіліся, альбо трымаюцца нейкай інструкцыі. Яны дагэтуль не падпісалі ніводнай паперы. Адвакаты баяцца працаваць з Ігнатовічам, бо ён усім пагражае. Сам сьледчы казаў, што вымушаны ўгаворваць адвакатаў, каб тыя зайшлі ў адну камэру з Ігнатовічам", — паведаміла Сьвятлана Завадзкая.

Сьвятлана лічыць, што сьледчыя органы атрымалі загад як хутчэй перадаць справу ў суд. На ейную думку, крымінальная справа пра выкраданьне Зьмітра Завадзкага не падрыхтаваная да судовага разгляду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG