(Карэспандэнт: ) “У нядзелю ў нашым эфіры прагучаў выпуск перадачы “Праскі акцэнт”, у якім мы з Вамі абмяркоўвалі праблемы свабоды слова ў Беларусі і прыйшлі да высновы, што афіцыйныя СМІ ёсьць даволі эфэктыўным мэханізмам хлусьні. І вось цяпер мы даведваемся, што разам зь незалежнымі журналістамі ў форуме бяруць удзел карэспандэнтка “Панарамы” Кавалёва, намесьнік рэдактара “Советской Белоруссии” Лябедзік, намесьніца старшыні Дзяржкамдруку Ананіч. Якія, цікава, мэты мела АБСЭ, калі запрашала гэтых людзей у Вену? І ці не падаецца Вам дзіўным такі крок АБСЭ?”
(Літвіна: ) “Калі шчыра, дык для мяне гэта было нечаканасьцю. І ня столькі прысутнасьць прадстаўніка Дзяржкамдруку, колькі тое (мяне гэта зьдзівіла), што ў складзе беларускай дэлегацыі – даволі адыёзныя прадстаўнікі нашай прафэсіі. У тых людзей ужо сфармаваны імідж. Я не зусім падзяляю ідэю працягваць гэтыя ўсе размовы ў Вене. Гэта нашыя ўнутраныя справы і гаварыць аб функцыі і ролі СМІ ў нашым грамадзтве, я думаю, можна было і дома. Але пасьля засмучэньня пры азнаямленьні са складам дэлегацыі ўсё ж такі намі было прынятае рашэньне браць удзел у размове, у сустрэчах у першую чаргу для таго, каб выказаць сваю падтрымку і КНГ, і тым патрабаваньням, якія сфармуляваныя, – доступ да дзяржаўных СМІ палітычных апанэнтаў, свабодны распаўсюд інфармацыі ў Беларусі. Вось такія тэмы абмяркоўваюцца на гэтай сустрэчы, і гэта галоўнае”.