Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПОЛЬШЧА ЎВЯЛА АБАВЯЗКОВЫ ПАЛІЦЭЙСКІ КАНВОЙ ДЛЯ АЎТАМАБІЛЯЎ, ЯКІЯ БЕЛАРУСЫ НАБЫВАЮЦЬ У ЗАХОДНЯЙ ЭЎРОПЕ


Ігар Карней, Менск

Гэтак польскія ўлады думаюць засьцерагчы ўладальнікаў іншамарак ад нападаў міжнародных бандыцкіх груповак — але за грошы саміх кіроўцаў.

Для любога кіроўцы, які набывае аўтамабіль за мяжой, самай небясьпечнай часткай дарогі традыцыйна лічыцца Польшча. Вось ужо 10 гадоў рэкет стала спадарожнічае перагоншчыкам з Расеі й Беларусі. Але адметна й тое, што пераважная большасьць крымінальных груповак — таксама беларуска-расейскія.

Рэакцыя кіроўцаў, якія цяпер вымушаныя будуць зьмірыцца з дадатковымі выдаткамі, пераважна аднолькавая. Большасьць гатовыя рызыкаваць — спадзяюцца, што калі дарогай каго й абрабуюць, то не яго.

Вось што кажа кіроўца-аматар Зьміцер Глушчанка, які літаральна днямі зьбіраўся па аўтамабіль у Галяндыю:

(Глушчанка: ) "Цяжка згадзіцца з такой навіной польскага заканадаўства. Верагодны крымінальны рэкет замяняецца паборамі на дзяржаўным узроўні. Мне наогул здаецца, што польскі бок ня ставіць за мэту бясьпеку транзытных аўтамабілістаў, а вырашае праблему аўтамабільнага ламачча ў сваёй краіне; на жаль, коштам сваіх суседзяў.

А што тычыцца нашых суайчыньнікаў… Да так званай "растаможкі", якая і без таго складае значную частку кошту аўтамабіля, прыйдзецца выкласьці яшчэ даволі значную суму".

У консульскім аддзеле Польшчы ў Менску пацьвердзілі: жорсткі захад абумоўлены ня толькі выпадкамі нападаў на кіроўцаў, але яшчэ й тым, што на польскай тэрыторыі незаконна застаецца шмат аўтамабіляў, афіцыйна забароненых да ўвозу паводле году выпуску (старэйшыя за 10 гадоў). Цяпер кожны сродак руху будзе пад пільнай увагай польскай мытні ды паліцыі.

Сам мэханізм транзыту наступны: на нямецка-польскай мяжы фармуецца аўтакалёна (ад 10 да 20 адзінак) і ў суправаджэньні паліцэйскага эскорту рушыць да мяжы беларускай. Пазьбегнуць прымусовай працэдуры амаль немагчыма. Усялякія падобныя памкненьні будуць караць вялікім штрафам.

Ахвотных зэканоміць, якія вырашаць ехаць праз Чэхію, чакае расчараваньне: там абавязковая транзытная віза, а далейшы шлях праз Украіну не выключае сустрэчы з тымі ж "беспрацоўнымі" бандытамі, якія паціху сыходзяць з Польшчы.

У беларускім мытным камітэце прагназуюць, што на некаторы час актыўнасьць на польска-беларускім напрамку прыціхне. Выключэньне складуць, бадай, тыя, хто зьбіраецца па дарагія машыны і для каго бясьпека важнейшая за 150 даляраў.

Да таго ж, упарта ходзяць чуткі, што ў выпадку паглыбленьня інтэграцыйных працэсаў мытныя платы Расеі й Беларусі могуць выраўнацца, а для беларусаў гэта значыць як мінімум трохразовае падвышэньне коштаў за мытнае афармленьне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG