Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПІНСКАЯ “ПРАВІНЦЫЯЛКА” ЎСЁ Ж СУСТРЭЛАСЯ З ЧЫТАЧАМІ


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

Напярэдадні рэдактар "Правінцыялкі" зьвярнуўся ў гарвыканкам, каб узгадніць правядзеньне 31 траўня сустрэчы з чытачамі газэты ў Палацы культуры "Трыкатажнік". Пазаўчора з гарвыканкаму прыйшоў адказ: "Рэкамэндуем вам правесьці сустрэчу з чытачамі ў тым населеным пункце, дзе жыве заснавальнік і рэдактар, альбо там, дзе зарэгістраваная газэта".

Намесьнік старшыні гарвыканкаму Ўладзімер Федаровіч, які падпісаў гэны ліст, на прамое пытаньне заснавальніка і рэдактара "Правінцыялкі" Аляксандра Ігнацюка "Дазваляеце вы сустрэчу ці не?" адказаў, што да тэксту ліста дадаць нічога ня можа.

Гаворыць Аляксандар Ігнацюк:

(Ігнацюк: ) "Трымаю ў руках адказ намесьніка старшыні гарвыканкаму Федаровіча, чытаю яго — для мяне навіна, што там працуюць людзі з такім пачуцьцём гумару! Значыць, спрацуемся".

Сустрэча з чытачамі адбылася, але ў прыватным офісным памяшканьні. Дагэтуль выйшлі два нумары "Правінцыялкі" — гэтая газэта зарэгістраваная жыхаром Століну ў Менску, а выдаецца яна ў Пінску. Першы нумар з-за раптоўнай забароны друкавацца ў пінскай друкарні быў надрукаваны ва Ўкраіне, другі — у прыватнай менскай друкарні.

Супрацоўнікі рэдакцыі кажуць, што спачатку былі цяжкасьці і з падпіскай. Некаторыя аддзяленьні сувязі папросту не прымалі падпіску. У рэдакцыі таксама паведамілі, што паводле некаторых зьвестак чыноўнікам у гар- і райвыканкамаў катэгарычна забаранілі даваць інфармацыю журналістам незалежнай газэты. А дырэктары некаторых прадпрыемстваў нават пагражаюць звольніць тых супрацоўнікаў, якіх пабачаць з "Правінцыялкай".

Ходзяць таксама чуткі, што газэту хутка закрыюць. Аднак у Пінску вельмі цікавяцца новым выданьнем. Дагэтуль у горадзе не было незалежнай газэты, якая б магла дазволіць сабе крытыкаваць дзеяньні мясцовых уладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG