Істотная акалічнасьць: крэдыт выдаткоўваецца расейскім урадам у межах пагадненьня аб адзінай грашовай адзінцы гэтак званай “саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі”.
Але перш чым Менск атрымае першыя трыццаць мільёнаў, трэба выплаціць расейцам запазыкі у колькасьці дваццаці сямі мільёнаў даляраў за экспартныя крэдыты. Атрымліваецца, што, так бы мовіць, “чыстая выгода” – тры мільёны.
Аднак гэтыя тры мільёны даляраў пойдуць менавіта на рэалізацыю праекту абяднаньня грашовых сыстэмаў.
Пра тое, што можа быць канчатковым вынікам такога аб’яднаньня, гаворыць эканаміст Анатоль Станкевіч:
(Станкевіч: ) “Беларусь стала бы ў гэтым сэнсе 90-м рэгіёнам Расейскай Фэдэрацыі. Чаму? Таму што трэба было б прасіць Цэнтральны банк Расеі, каб тая дала б гэтыя рублі, бо друкаваць магла б толькі Расея. Гэта азначае, што ўсе падаткі, усе бюджэты, кансалідаваныя, рэгіянальныя і дзяржаўныя, вяліся б толькі праз Расею.
Гэта азначае, што Лукашэнка ці яго ўрад стацілі б магчымасьць весьці папулісцкую фінансавую палітыку. Ну, было б прыкладна такое ж самае, як у расейскіх рэгіёнах, калі яны стаяць перад Пуціным, расьпінаюцца ў любові да Крамля і просяць грошы. Вось чаго ня хоча рабіць Лукашэнка, чаму ён гаворыць пра два банкаўскія цэнтры. Адзін – у Менску, другі – ў Маскве. І самым большым ворагам гэтай сыстэмы, якую хоча ўвесьці Крэмаль, зьяўляецца Лукашэнка, таму што гэта канец яго папулізму фінансаваму”.
Са словаў Анатоля Станкевіча можна зрабіць выснову, што ці з Лукашэнкам, альбо без Лукаішэнкі – але Масква выразна зацікаўленая ў атрыманьні па магчымасьці поўнага фінансавага кантролю над Беларусьсю. Інакш бы не выдаткоўвала гэтыя – ды й ня толькі гэтыя – сто мільёнаў. Ці будзе пры гэтым Лукашэнка на пасадзе прэзыдэнта, – гэта пры такім варыянце, зыходзячы зь інтарэсаў незалежнасьці Беларусі, ужо мала істотна.
Выглядае, што цяперашні крэдыт варта разглядаць ня столькі як падтрымку пэрсанальна Лукашэнкі, колькі як спосаб рэалізацыі доўгатарэміновых расейскіх інтарэсаў.
І яшчэ адна навіна з фінансавай сфэры.
Днямі расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін выказаўся адносна гэтак званых ускосных падаткаў у сувязі з тым, што ў Расеі з першага лютага дзейнічае новы падатковы кодакс. Пуцін – праўда ў вельмі лёгкай форме, скрытыкаваў пазыцыю Менску, які цягне з падпісаньнем Дамовы аб падатку на дадатковую вартасьць.
Маскоўская прэса , якая ацэньвае сытуацыю, натуральна, з расейскіх інтарэсаў, адзначае, што у выніку ўвядзеньне мяжы і мытных дэклярацыяў паміж Беларусьсю і Расеяй – Беларусь атрымала б больш за адзін мільярд даляраў падатковых даходаў толькі ад выплаты так званых ускосных падаткаў. Мільярд, які сёньня ідзе ў казну Расеі.
Пуцін выказаўся за тое, каб “самы блізкі саюзьнік” не апынуўся ў найгоршым стане, але каб і “пэўныя прынцыпы” – гэта значыць, фінансавыя выгоды Расеі – былі захаваныя.