Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВАЕ Ў СПРАВЕ АЛЯКСАНДРА ЧЫГІРА: УСЬЛЕД ЗА “СКРАДЗЕНЫМІ” ЛЕГКАВІКАМІ ФІГУРУЮЦЬ МІКРААЎТОБУСЫ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Прад'яўленае сёньня абвінавачаньне Аляксандру Чыгіру значна адрозьніваецца ад ранейшага, якое было 4 месяцы таму. Яно зноў тычыцца крадзяжу аўтамабіляў, але аўтамабілі сталі іншыя. Гэта ўжо не легкавікі, якія фігуравалі спачатку, а нейкія мікрааўтобусы.

Па нашых зьвестках, сьледчыя лічаць, што сын Міхаіла Чыгіра скраў ці ўдзельнічаў у выкраданьні ажно чатырох мікрааўтобусаў, зь якіх потым была сабраная адна машына, якую і знайшлі ў гаражы Аляксандра Чыгіра.

Сам Чыгір-малодшы па ранейшаму вінаватым сябе не прызнае і заяўляе, што сьледчыя пацярпелі фіяска са зборам доказаў па ранейшых эпізодах і цяпер нацэліліся на ягоны мікрааўтобус, каб не закрываць справы.

А вось адвакат Чыгіра Аляксандар Пыльчанка лічыць, што прад’яўленьне новага абвінавачаньня сьведчыць пра тое, што сьледчыя спрабуюць як хутчэй завершыць справу і перадаць яе ў суд.

Ён не выключае, што ўжо да канца чэрвеня справа перададуць у суд і працэс над Чыгіром-малодшым пачнецца яшчэ да восені. Адвакат мяркуе, што наўрад ці без судовага разьбіральніцтва спыняць расьсьледаваньне і вызваляць Аляксандра Чыгіра.

На палітычныя прычыны прад’яўленьня новага абвінавачаньня свайму сыну ўказвае Юлія Чыгір. Яна сьцьвярджае, што паводле крыніцы ў Міністэрстве ўнутраных справаў сьледчым па справе Чыгіра далі загад завершыць расьсьледваньне як найхутчэй, бо яно зацягнулася, што непажадана для ўладаў.

(Юлія Чыгір: ) "Справа майго сына зацягнулася. Прэзыдэнт добра разумее, што пракрычаўшы ў лютым пра тое, быццам 20 чалавек апазналі скрадзеныя запчасткі, цяпер у гэтых абставінах трэба перадаваць справу ў суд. У скарочаныя тэрміны гэта робіцца, ня больш за 2 месяцы, а ўжо прайшло 4. Яны разумеюць, што калі справа не перадаецца ў суд, гэта сьведчыць пра яе палітычную скіраванасьць".

Юлія Чыгір мяркуе, што загад хутка завершыць справу Чыгіра-малодшага аддаў непасрэдна Аляксандар Лукашэнка. Паводле Юліі Чыгір, ўлады разьлічваюць правесьці працэс над яе сынам у жніўні альбо верасьні, каб напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў мець дадатковую магчымасьць выліць бруд на аднаго з прэтэндэнтаў — на Міхаіла Чыгіра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG