Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПІНСКУ ЧАЛАВЕКУ ЗА ЗБОР ПОДПІСАЎ ПАД ЛІСТОМ ДА ЛУКАШЭНКІ ДАЛІ 10 СУТАК АРЫШТУ


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

Сёлета 25 сакавіка пінчук Аляксандар Васільеў выйшаў у горад з плякатам, які заклікаў жыхароў паставіць подпіс пад калектыўным зваротам да "палаты прадстаўнікоў". У звароце да "парлямэнтароў" было пытаньне — чаму ў Беларусі насуперак канстытуцыі суды залежныя ад выканаўчай улады.

Наступным разам спадар Васільеў, які не зьяўляецца сябрам ніводнае палітычнае партыі ці руху, у людных месцах гораду прапаноўваў ахвотным згуртавацца дзеля назіраньня за будучымі выбарамі.

За 2 месяцы супрацоўнікі міліцыі затрымлівалі Аляксандра Васільева каля 10 разоў. Адзін раз, у сярэдзіне траўня, далі яму штраф на 20 мінімальных заробкаў.

Апошняя акцыя спадара Васілева — збор подпісаў пад калектыўным лістом да Лукашэнкі з патрабаваньнем патлумачыць, як беларусы ў цяперашніх умовах мусяць "круціцца", каб пракарміць сваіх дзяцей. Такую параду даў людзям кіраўнік дзяржавы на "Ўсебеларускім сходзе".

За збор подпісаў пад гэтым лістом (а іх назьбіралася пад дзьве сотні) Аляксандра затрымлівалі ажно 6 разоў і ўрэшце накіравалі пратакол у суд. Спадара Васільева абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванага пікету, але ён збор подпісаў пікетам ня лічыць. Пра мэты сваіх акцыяў кажа сам спадар Васільеў:

(Васільеў: ) "Падняць народ — каб народ пайшоў на выбары ды прагаласаваў. Я не агітую за нейкага канкрэтнага кандыдата, але заклікаю ўсіх прыйсьці на выбары, бо шмат хто ўжо ня верыць, што праз выбары можна нешта зьмяніць. Я кажу: вы толькі прыходзьце, а мы, больш маладыя ды актыўныя, не дамо вас падмануць, арганізуем назіраньне".

Сёньня ў Пінскім гарадзкім судзе падчас разгляду справы Аляксандар Васільеў ды ягоны адвакат Раман Кісьляк, а таксама прадстаўнік Гельсынскага камітэту Віктар Ярашук спрабавалі давесьці, што збор подпісаў — не пікет, і спадар Васільеў рэалізоўваў сваё канстытуцыйнае права на зварот да дзяржаўных чыноўнікаў.

Нягледзячы на намаганьні абаронцаў судзьдзя Раіса Лабачэўская прызнала Аляксандра Васільева вінаватым у арганізацыі менавіта несанкцыянаванага пікету і дала яму 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Прысуд камэнтуе адвакат Васільева Раман Кісьляк:

(Кісьляк: ) "Я лічу, што рашэньне незаконнае. Бо паводле Закону аб мітынгах, сходах і шэсьцях, які трактуецца вельмі шырока, можна арыштаваць любога чалавека на вуліцы, калі ён публічна выказвае свае меркаваньні".

Варта адзначыць, што ў Пінску за ўдзел у палітычных акцыях адміністрацыйным арыштам каралі больш як 4 гады таму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG