Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ АДБЫЛОСЯ НЕКАЛЬКІ СУДОЎ НАД СЯБРАМІ КХП БНФ


Любоў Лунёва, Менск

Суд над Генадзем Пляшком адбываўся ў Ленінскім судзе Менску, яго абвінавацілі ва ўдзеле ў апазыцыйнай акцыі "Жывы ланцуг неабыякавых людзей", якая адбылася 18 траўня на праспэкце Скарыны.

У Генадзя два міліцыянты ў цывільным вырвалі з рук транспарант, самога яго схапілі й кінулі ў чырвоныя "Жыгулі". У міліцэйскім пастарунку на яго склалі пратакол і адпусьцілі дамоў. Сёньня судзьдзя спадар Жданок вымушаны быў перанесьці разгляд справы — не было апэратыўнай відэастужкі, якой супрацоўнікі міліцыі чамусьці не далі суду. Суд над спадаром Пляшком будзе 29 траўня.

Валянціна Сучок у Цэнтральным судзе Менску атрымала папярэджаньне за ўдзел у пікеце на Кастрычніцкай плошчы 18 траўня.

Намесьніка старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Сяргея Папкова супрацоўнікі Савецкага ўпраўленьня міліцыі сёньня затрымалі і завезьлі ў Савецкі суд. Гэтым разам Сяргей Папкоў абвінавачваецца ў тым, што выступае ад імя незарэгістраванай арганізацыі — Беларускага Вызвольнага Руху. Нагодай для затрыманьня стаў бюлетэнь "Беларуская салідарнасьць", які сёньня распаўсюджвалі сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ.

(Папкоў: ) "Справа ў тым, што яшчэ перад 18 траўня мне патэлефанавалі з Савецкага РАУС і запрасілі на так званую "бяседу". Паколькі ў мяне не было часу, я папрасіў гэта адкласьці. Калі ўчора завершыўся суд нада мной, яны абклалі ўсё кіраўніцтва партыі, каб запалохаць, ня даць магчымасьці працаваць.

Цяпер яны ўбачылі, што нас не запалохаць і працягваюць гэты ціск. Сёньня я прыйшоў па гэтай позьве, і мяне адразу затрымалі. Бюлетэнь "Беларуская салідарнасьць" я выдаю як прыватная асоба, а не ад імя грамадзкай арганізацыі. Раблю інфармацыйныя матэрыялы. А яны, бачыце, прыпісваюць мне тое, што я дзейнічаю ад імя незарэгістраванай арганізацыі", — паведаміў Сяргей Папкоў Радыё Свабода ў Савецкім судзе Менску.

У судзе спадар Папкоў запатрабаваў адваката, і судзьдзя Людміла Савасьцян перанесла слуханьне на 7 чэрвеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG